1407 палітвязняў. Праваабаронцы прызналі яшчэ 10 асобаў палітычнымі зняволенымі


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў 14 чэрвеня чарговую супольную заяву шэрагу арганізацыяў пра прызнанне палітвязнямі яшчэ 10 чалавек. На сёння ў спісе палітвязняў «Вясны» 1407 асобаў, але спіс відавочна няпоўны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат з партрэтамі палітвязняў. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

У спіс палітвязняў дадалі наступных людзей.

Таццяна Ліннік – асуджаная паводле арт. 369, 368, 391 Крымінальнага кодэксу за «знявагі» прадстаўніка ўлады, Аляксандра Лукашэнкі і суддзі на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Сяргей Бельскі – асуджаны паводле арт. 368 КК за «знявагу Лукашэнкі» на 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Дзмітрый Давыдаў – асуджаны паводле арт. 367 КК за «паклёп на Лукашэнку» на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Фёдар Маторын – асуджаны паводле арт. 367 КК за «паклёп на Лукашэнку» на 3 гады 6 месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»), накіраваны для адбыцця пакарання.

Васіль Кавалёў – асуджаны паводле арт. 369, 369-1 КК за «знявагу прадстаўніка ўлады» і «дыскрэдытацыю Беларусі» да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі на невядомы праваабаронцам тэрмін.

Дзмітрый Данільчык – асуджаны паводле арт. 369, 368 КК за «знявагі» прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі на 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Сяргей Гняўко – асуджаны паводле арт. 368 КК за «знявагу Лукашэнкі» на 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Уладзімір Кароткі – асуджаны паводле арт. 370 КК за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Андрэй Бурдзеня – змешчаны пад варту, падазраваны паводле арт. 368, 367, 369, 130 КК за каментары на адрас Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады і расейскіх вайскоўцаў.

Мікалай Хіла – змешчаны пад варту, падазраваны паводле арт. 368 КК у «знявазе Лукашэнкі».

Артыкулы, паводле якіх асудзілі ці вінавацяць гэтых людзей, адносяцца да так званых дыфамацыйных і, як падкрэсліваюць праваабаронцы, выкарыстоўваюцца для пераследу правамерных формаў выказвання меркаванняў.

Праваабаронцы ў чарговы раз заклікаюць дэкрыміналізаваць дыфамацыю і не дапускаць пазбаўлення волі грамадзянаў за знявагу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў. Таксама яны заклікаюць неадкладна спыніць пераслед і вызваліць названых вышэй, а таксама ўсіх іншых палітычных зняволеных.

На момант публікацыі ў спісе палітвязняў, які публікуе «Вясна», 1407 чалавек. І гэта без уліку тых, хто ўжо адбыў пакаранне або ўцёк ад яго за мяжу, і без уліку пакараных паводле Адміністратыўнага кодэксу. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі лічаць падыход «Вясны» састарэлым, ужываюць іншыя крытэры і даюць нават большыя лічбы палітвязняў – напрыклад, «DissidentBy» налічвае 1561 палітвязня. Але і гэтыя лічбы наўрад ці поўныя: праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, які нярэдка таемна затрымлівае і судзіць людзей, а пра некаторых палітвязняў сваякі баяцца паведамляць праваабаронцам.

Гісторыі
«Праз 5 гадоў турмы змяняецца свядомасць». Як дапамагчы былым вязням вярнуцца да жыцця на волі?
2024.06.14 06:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў