Закрыццё 4-га энергаблока ЧАЭС пачнуць 3 лістапада


Новая ахова чацвёртага блока будзе гатовая да канца лістапада.

Міністр экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны Астап Семерак паведаміў, што ахоўную арку над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі канчаткова закрыюць 3 лістапада:

«Правёў цэлы дзень у зоне адчужэння. Хацеў на свае вочы пераканацца ў тым, як завяршаюцца работы па падрыхтоўцы насоўвання аркі, якое павінна пачацца ўжо 3 лістапада».

«Работы выконваюцца якасна і завершацца своечасова», – напісаў Семерак на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Ён адзначыў, што дзякуючы ўнікальнай тэхналогіі будаўніцтва сцяны арку на чацвёртым энергаблоку ўдасца злучыць з энергаблокам абсалютна герметычна.

«Інтэрфакс» нагадвае, што кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі ядравага рэгулявання Украіны Сяргей Бажко 28 верасня запэўніваў, што ахоўную арку на разбураны энергаблок ЧАЭС насунуць 29 лістапада 2016 года.

Чытайце таксама >>> Літоўцы пра Астравец: У выпадку аварыі на беларускай АЭС нам прыйдзецца пераносіць сталіцу

Арка, што забяспечыць 4-ы блок, мае вышыню 110 м, даўжыню 165 м і шырыню 260 м.

Мантажныя працы па ўзвядзенню ахоўнай аркі над разбураным чацвёртым энергаблокам ЧАЭС распачаліся ў красавіку 2012 года. Сродкі на будаўніцтва сабралі краіны-донары чарнобыльскага фонду «Сховішча», распараджаецца імі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Пасля таго, як арка цалкам закрые разбураны энергаблок, пачнецца дэмантаж нестабільных канструкцый і выманне радыеактыўных адходаў, а саму станцыю мяркуюць пераўтварыць у экалагічна бяспечную сістэму.

Чарнобыльская АЭС размешчаная ў 16 км ад мяжы з Беларуссю.

ДД, belsat.eu; фота: Астап Семерак

Глядзі таксама
Каментары