З-за страху перад крызісам у Расеі: Назарбаеў «выйграе» выбары


Чарговы раз казахі на запатрабаванне палітычных сілаў «аб’ядналіся» вакол «лідара нацыі». Нязменны кіраўнік Казахстану, які трымаецца за сваю пасаду ўжо 25 гадоў, у нядзелю перамог у выбарчай гонцы з вынікам 97,7 %.

Супернікі Нурсултана Назарбаева, прадстаўнік ад камуністычнай партыі і кіраўнік прафсаюзаў, набралі 1,6 % і 0,7 %, адпаведна.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі на некаторых участках назіралі цісканіну. Агульная яўка склала 95,22 % выбарнікаў. Канчатковыя вынікі галасавання абвесцяць 3 траўня.

На думку палітолага Паўлюка Быкоўскага, правядзенне датэрміновых выбараў звязана з пагаршэннем эканамічнай сітуацый на постсавецкай прасторы.

«Пагаршэнне звязана з эканамічнымі праблемамі ў Расеі, бо ў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў гэта галоўны рынак. Усё гэта ўлічвалася пры правядзенні выбараў, няважна з якімі лічбамі, але каб у людзей было ўяўленне, што яны сапраўды падтрымліваюць кіраўніка дзяржавы, што ў гэты час у дзяржавы больш менш стабільная сітуацыя».

Вынік выбараў не здзіўляе, бо казахі не бачаць альтэрнатывы дзейнаму прэзідэнту, дадае эксперт.

«Сітуацыя ў Казахстане адрозніваецца ад Беларусі, дзе на слыху ёсць некалькі альтэрнатыўных імёнаў. Там для большасці няма іншай кандыдатуры. Разам з тым, некаторыя журналісты і палітолагі распавядаюць пра «барацьбу пад дываном». Яны бачылі шмат супярэчнасцяў у кіроўнай эліце і буйным бізнесе, які мусіў збягаць з Казахстану. Сітуацыя выглядае стабільнай, але таксама шмат схавана ад вока звычайнага чалавека».

Некаторыя эксперты казалі пра тое, што Назарбаеў не пойдзе перавыбірацца. Аднак ягоную кандыдатуру высунулі палітычныя колы «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў». Паводле заканадаўцаў, вылучэнне Назарбаева ды правядзенне датэрміновых выбараў «карысныя для ўмацавання міру, адзінства і згоды ў дзяржаве».

Замежныя адмыслоўцы сапраўды папярэджваюць, што часы для Казахстану цяпер няпростыя. Аглядальнікі «NY Times» мяркуюць, што краіны Цэнтральнай Азіі могуць стаць наступнаю мішэнню Пуціна. Абумоўлена гэта перадусім тым, што Назарбаеў старэе, а пераемніка ў яго няма. Крэмль баіцца, што ЗША могуць паспрабаваць прывесці да ўлады празаходняе кіраўніцтва.

Пры гэтым Паўлюк Быкоўскі ўпэўнены, што на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр Лукашэнка пабаіцца фальсіфікацыяў у такіх аб’ёмах, як раней, каб не прыцягваць да сябе непатрэбнай увагі.

«Чыноўнікі гатовыя прадэманстраваць лаяльнасць да Лукашэнкі, намаляваць яму лічбы, але ў Беларусі іншая сітуацыя ды іншыя суседзі. У нас шчыльнае супрацоўніцтва з Еўразвязам у эканамічнай сферы і верагодна, што вынікам Рыжскага саміту Усходняга партнёрства будзе пашырэнне гэтага супрацоўніцтва. Калі так, то Лукашэнку не варта было б дэманстраваць нейкія прыкметы дыктатуры і выходзіць за дазволеныя межы, якія б прымушалі замежных палітыкаў звяртаць на гэта ўвагу».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў