Восем жыхароў Віцебску затрымалі за несанкцыяванае распіванне гарбаты ў кватэры. На іх данёс ананім


Падчас суду ў Віцебску. Фота - vitebskspring.org

Як паведамляюць праваабаронцы, 19 красавіка суд Віцебскага раёну разгледзеў адміністратыўную справу 8 жыхароў Віцебску, якія сабраліся ў прыватнай кватэры, каб паразмаўляць ды папіць гарбаты. Віцеблян затрымала міліцыя, даставіла ў Кастрычніцкі РАУС і абвінаваціла ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ).

Як распавялі падчас судовага паседжання абвінавачаныя, у кватэру, дзе праходзіла сустрэча, нечакана ўвайшлі (дзверы былі незачыненыя) пяцёра чалавек у цывільным адзенні, прад’явілі пасведчанні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС і заявілі, што сабраныя парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі для складання пратаколу.

Кіраваў гэтай «спецаперацыяй» старэйшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Веракса, які выступіў у судзе ў якасці сведкі. Паводле ягоных словаў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна збіраюцца людзі, якія «вызнаюць нейкую філасофію», ён атрымаў ад ананіма – нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

«Прагучала назва «Сінтэз Фа». Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў спіс, у якім фігуравалі 16 прозвішчаў, 8 з якіх належалі людзям, што ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай», – патлумачыў Веракса.

У сваю чаргу абвінавачаныя – усе людзі сярэдняга і сталага веку – заявілі ў судзе, што арганізацыя «Сінтэз Фо» ім невядомая і яны не з’яўляюцца яе сябрамі. Між тым, не аспрэчвалі той факт, што падчас сустрэч, якія здараліся раз ці два на месяц, абмяркоўвалі пытанні сэнсу жыцця і космасу. Маглі закранаць у тым ліку і нейкія аспекты так званай «філасофіі сінтэзу». Усё гэта адбывалася ў форме дыскусіі, мазгавога штурму.

15 сакавіка хацелі паразмаўляць пра розум і інтэлект, але, па словах адной з удзельніц, паспелі толькі абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубка свету ды дакументальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс, – як прыйшлі міліцыянты.

«Мы пра ўсё размаўлялі. А не звярталіся па дазвол, бо нават і падумаць не маглі, што гэта можна кваліфікаваць як несанкцыянаваны сход», – сказала адна з удзельніц працэсу Святлана, якую абвінавацілі ў арганізацыі масавага мерапрыемства.

Паводле тлумачэнняў Святланы, у 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць у Віцебску арганізацыю «Мэтагалактычны цэнтр Віцебск», але ў рэгістрацыі ім адмовілі. Мэтай арганізацыі мелася быць філасоўска-асветніцкая праца. Пасля гэтага некаторыя з заяўнікаў сталі сябрамі арганізацыі «Час жыць» («Время жить»), але і яна праіснавала нядоўга.

«Калі вы рэгістраваліся і вам адмовілі, дык навошта тады збірацца піць гарбату? Такая мая логіка», – зазначыў на гэта інспектар міліцыі Сяргей Веракса.

У выніку суддзя Міхаіл Зубеня, прызнаў жыхароў Віцебску вінаватымі ў правапарушэнні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КоАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Улічыўшы, што ўсе яны прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ўпершыню, семярым удзельнікам сустрэчы вынес папярэджанні. А Святлану, як меркаванага арганізатара сходу, пакараў штрафам у памеры 20 б.в.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў назваў рашэнне суду абсурдным:

«Апынаецца, што прыйшоў час, калі беларускія грамадзяне ня могуць сустрэцца, каб абмеркаваць жыццё і свае справы, нават на прыватнай тэрыторыі. Бо рызыкуюць быць абвінавачанымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах».

ІІ, belsat.eu, vitebskspring.org

Глядзі таксама
Каментары