Вользе Сцяпанавай адмянілі прысуд за смерць дзіцяці пры хатніх родах


Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыю ў справе аб смерці дзіцяці пасля хатніх родаў. Калегія адмяніла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 31-гадовай Вольгі Сцяпанавай, якую абвінавацілі ў прычыненні смерці па неасцярожнасці.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме без прысутнасці абвінавачанай.

Сцяпанава застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

***

Нагадаем, трагічнае здарэнне адбылося ў лютым 2017 года. Вольга Сцяпанава прыехала ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга да маці, каб нарадзіць дзіця. Яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо нараджала першую дачку таксама ўдома. Другая дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, наглыталася каляплодных водаў. Медыкі з «хуткай» і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць дзіця.

7 верасня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў 31-гадовай жанчыне шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды. Жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Вольга Сцяпанава сваю віну не прызнала і ўсклала адказнасць за смерць дзіцяці на медыкаў, якія праз нядбайнае стаўленне не аказалі неабходнай дапамогі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў