Вазьмі дыск «Ляпісаў» – дапамажы беларускаму слову!


Тэлеканал «Белсат» распачынае кампанію «Рупімся пра беларускае разам» – і заклікае да супольнага падтрымання цікавых і важных праектаў у незалежнай беларускай культуры. Першай справаю станецца спрыянне электроннай бібліятэцы «Кнігі дзеткам».

«Кнігі дзеткам» пачалі ствараць мультымедыйную кніжку дзіцячых вершаў Рыгора Барадуліна «Снеганоша-смеханоша», якія будуць агучаная прафесійнымі беларускімі акторамі і праілюстраваныя таленавітай беларуска-ўкраінскай мастачкай Аленай Семчышын.

Кніга будзе даступная для прачытання маленькім беларусам па ўсім свеце БЯСПЛАТНА.

«Белсат» вырашыў дапамагчы творчай камандзе «Кнігі дзецям» і прапануе далучацца да добрай справы.

Як гэта зрабіць

На Symbal.by прадстаўленыя дыскі з апошнім буйным канцэртам гурта «Ляпіс Трубяцкі» з Сяргеем Міхалком у 2014 годзе ў Варшаве, а таксама з дакументальнымі фільмамі вытворчасці «Белсату». За невялікае ахвяраванне вы можаце ўзяць сабе любы ўпадабаны дыск. Усе сабраныя сродкі будуць скіраваныя на стварэнне мультымедыйнай барадулінскай кніжкі для дзетак «Снеганоша-смеханоша».

«Сёння ўсё больш і больш бацькоў хочуць, каб іх дзеці разумелі і размаўлялі па-беларуску. З чаго пачаць? З чытання беларускіх дзіцячых кніг! – кажа каардынатарка праекту «Кнігі дзеткам» Таццяна Цуканава. – На дадзены момант на палічках нашай праграмы 22 якасна праілюстраваныя ды агучаныя казкі. Некаторыя на дзвюх мовах: маюць не толькі беларускую, але і англійскую версію».

Дарэчы, праграма даступная для ўсталявання на iPad па гэтай спасылцы

«Творчая каманда «Кнігі дзеткам» складаецца з аўтараў, ілюстратараў, дыктараў, гукарэжысёраў, дызайнераў, карэктараў, праграміста і рэдактара. Мы пачалі працу над мультымедыйнай кніжкай дзіцячых вершаў Рыгора Барадуліна без аніякага фінансавання, – дадае Таццяна. – Мы вельмі ўсцешаныя ініцыятыва. «Рупімся пра беларускае разам» тэлеканала «Белсат» па зборы сродкаў. Гэта значыць, кніжка пабачыць свет хутчэй дзякуючы агульным намаганням многіх беларусаў! Спадзяёмся, што супольная дапамога паспрыяе таксама таму, што кніжка з’явіцца ў больш даступных, і не толькі электронных, фарматах».

***

Прадстаўляем некалькі вершаў з кніжкі:

Чым склеіць?

Мама ўчора гаварыла,
Што яна ката пабіла.
Дужа рыжага шкада,
Чым жа склеіць
Нам ката?

Снеганоша, смеханоша

Снеганоша,
Смеханоша

Дзед Мароз –
Чырвоны нос
Мех ca снегам,
Мех ca смехам
Нёс
Ды снег i смех
Растрос.
Атуліўся снегам
Дол,
Смех пабег
Гуляць вакол.
I смяшынкі-дрыгацінкі
Паразгойдвалі ялінкі.
Каб не сумным быць,
Смяшынку
Дагані
I праглыні.
А сняжынку
Тату ў хату
Прынясі
На далані.

РУПІМСЯ ПРА БЕЛАРУСКАЕ РАЗАМ!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары