Вайсковы эксперт распавёў, чаму Пуцін выводзіць войскі з Сірыі


У Расею вернецца толькі 2/3 кантынгенту.

Уладзімір Пуцін загадаў вывесці войскі з Сірыі. Паводле расейскага прэзідэнта, узброеныя сілы Расеі і Сірыі «разбілі найбольш дзеяздольную групоўку міжнародных тэрарыстаў».

«Вы з перамогай вяртаецеся ў свае дамы», – цытуе зварот Пуціна да вайскоўцаў «ТАСС».

«Гэта цяжка фінансава»

Пра планы вывесці частку сілаў і тэхнікі стала вядома напрыканцы кастрычніка.

Вайскова-дыпламатычныя крыніцы паведамілі газеце «КоммерсантЪ» пра частковае скарачэнне тэхнікі са складу змяшанай авіягрупы на базе Хмеймім у правінцыі Латакія і адпраўленне часткі вайсковага кантынгенту ў Расею.

«Апошняе слова будзе за вярхоўным галоўнакамандуючым», – распавядала крыніца.

Гэтае слова прагучала сёння на базе ў Хмейміме падчас першага візіту Пуціна ў Сірыю, дзе яго сустрэлі прэзідэнт Сірыі Башар Асад, міністр абароны Расеі Сяргей Шойгу і камандуючы расейскай вайсковай групоўкай у Сірыі Сяргей Суравікін.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін заявіў «Белсату», што Расея рэальна выводзіць войскі: «прыбяруць 2/3 авіяцыі – столькі ім там не трэба».

«Што там гэтыя бамбавальнікі будуць стаяць і прахалоджвацца? Іх прыбяруць на іншыя ўчасткі: сітуацыя ў раёне Украіны не зусім зразумелая, у раёне з Афганістанам могуць узнікнуць праблемы, у раёне Каўказу, – кажа Алесін. – Яны прыбяруць франтавую авіяцыю – бамбавальнікі сярэдняй пад’ёмнасці, а пакінуць тое, што неабходна для барацьбы з невялікімі групамі ўзброеных фармаванняў – верталёты і штурмавікі МіГ 25».

Паводле эксперта, такое ж скарачэнне чакае і персанал:

«У ім няма неабходнасці. А забеспячэнне морам і паветрам каштуе вельмі дорага. Гэта цяжка фінансава. Таму рэальна выводзяць».

Алесін кажа, што зменшыцца колькасць марской пяхоты і спецназа, якія ахоўвалі базы ў Тартусе і Хмейміме, а застанецца вайсковая паліцыя і сапёры.

Адмысловец дадае, што гэтыя вайскоўцы застануцца ў Сірыі «надоўга – пакуль Асад іх не папросіць сысці».

Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары