Уладу Казакевічу пагражае расстрэл


Пасля нападу на кантралёраў у шклоўскай калоніі Следчы камітэт распачаў новую крымінальную справу супраць Улада Казакевіч – «хлопца з бензапілой», які забіў жанчыну ў гандлёвым цэнтры ў Менску ўвосень 2016 года.

Справа распачатая паводле арт.139 (замах на забойства двух асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовых абавязкаў асобай, якая раней учыніла забойства) Крымінальнага кодэкса. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – расстрэл.

Як паведамляецца, інцыдэнт адбыўся 12 кастрычніка 2017 года, каля 10 гадзін 40 хвілін.

«У мэтах праверкі аператыўнай інфармацыі аб наяўнасці забароненых прадметаў у памяшканні камернага тыпу асуджаны У. Казакевіч быў выведзены з камеры для дагляду і далейшай прагулкі. Пры правядзенні надгляду асуджанага з дапамогай металадэтэктара ўстаноўлена, што ў яго ў левым рукаве знаходзіцца металічны прадмет. Пасля каманды кантралёра «заставацца ў становішчы для ператрусу» Казакевіч выхапіў з левага рукавы нож, якім спрабаваў нанесці ўдар у вобласць грудной клеткі аднаму з супрацоўнікаў калоніі. Апошні ўжыў прыёмы самаабароны, аднак зняволены паспеў параніць другога кантралёра, прычыніўшы яму колатыя раны галавы. Супрацьпраўныя дзеянні Казакевіча былі спынены супрацоўнікамі калоніі. Пацярпелы шпіталізаваны», – распавядаюць у СК.

Падчас допыту Казакевіч растлумачыў следчаму, што хацеў здзейсніць забойства начальніка калоніі, каб адпомсціць за прымяненне дысцыплінарных пакаранняў.

Раней улетку, бацькі Улада Казакевіча скардзіліся на тое, што іхнага сына не выпускаюць з штрафнога ізалятару і змяшчаюць туды за любыя парушэнні дысцыпліны. У прыватнасці, за тое, што забыўся ў сталоўцы лыжку або не прыбраў павуцінне ў куце камеры.

8 кастрычніка 2016 году 17-гадовы Улад Казакевіч напаў на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Еўропа» ў Менску, забіў бензапілой адну жанчыну і параніў сякерай другую. 3 сакавіка 2017 году Казакевіча асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў