Галоўнай падзеяй 13 верасня ў Беларусі сталі маштабныя «Маршы герояў» па ўсёй краіне супраць Аляксандра Лукашэнкі. Фатограф «Белсату» Ірына Арахоўская спытала ў некаторых удзельнікаў шэсця, ці лічаць яны сябе героямі. І сфатаграфавала іх.
«Статкевіч і Севярынец – героі. Кожны з іх наш сябар. Спадзяемся, што хутка мы іх вызвалім. Мы яшчэ не героі, але да гэтага ўсё ідзе».
«Я герой і ўсё тут героі, хто выйшаў і не пабаяўся пасля затрыманняў нашых жонак, маці, дачок. Мы паказваем, што мы не баімся, спорт з народам!»
«Які я герой? Героем з’яўляецца народ!»
«Хачу выказаць сваю прафесійную пазіцыю. Мы сталі сведкамі калі кіраўніцтва МНС спрабуе ўцягнуць супрацоўнікаў у палітычны канфлікт. Мне і маім калегам не важна які сцяг, не хачу каб нас падзялялі».
«Я герой, сёння ўсе героі. Сёння выходзяць толькі людзі смелыя. Таму я з усімі сваімі людзьмі і мне цёпла на душы, таму што мы разам».
«Я не ў той форме, каб быць героем» (смяецца).
«Героі тыя, хто перастаў баяцца. І такія людзі, якія паказваюць нам прыклад, як Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская».
«Мне сёння было страшна выходзіць. І цяпер у нейкай ступені страшна. Напэўна я таксама герой?»
«Вось у нас у руках партрэты герояў. Я сам з Салігорску, працаваў на «Беларуськаліі», і я хачу падтрымаць сваіх калегаў. Гэта смелыя ўчынкі!»
«Маша герой, безумоўна. І мы напэўна таксама. Дзяўчына, вы лепш частуйцеся!»
«Героі – усе хто змагаецца за праўду, усе хто змагаецца за свой голас. У будні многім даводзіцца хаваць сваю пазіцыю, а на выходных мы свабодна яе дэманструем. Да гэтых выбараў ніяк не ставіўся да палітыкі, тое, што я цяпер не застаюся ўбаку, – мне здаецца годным».
«Усе героі, усе хто нешта робіць. МНС, лекары, тыя хто баніць Салаўёва ў ютубе… Нельга сказаць, што хтосьці адзін, усе мы разам робім гераічныя ўчынкі».
«Герой – беларускі народ».
«Кожны герой. Асабліва героі тыя, хто выходзіць кожны дзень, а хтосьці нават падчас працы».
«Зараз герой любы, хто не баіцца выказацца, падтрымаць. Ёсць нешта важнейшае чым страх, я адчула, што магу пераадольваць свой. Але бачу, што многія людзі робяць больш».
«Новы герой – кожны неабыякавы беларус. Мы ўсё: Калеснікава, Цапкала, Бабарыка, Ціханоўская… А я не герой, я звычайны чалавек».
«Гляджу на Машу і мне сорамна баяцца. Усе, хто гучна заявіў пра сваё супраць, яны героі».
Пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў працягваюцца ў Беларусі з 9 жніўня. За гэты час па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за 10 тысяч чалавек. Некалькі тысяч затрыманых звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі на супрацьпраўныя дзеянні работнікаў МУС. Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах зваротаў грамадзян.