У Варшаве паказалі фільм пра зніклых апанентаў Лукашэнкі


Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі прайшоў у Варшаве. Імпрэза, падрыхтаваная Хельсінкскім фондам правоў чалавека, распачалася з паказу дакументальнага фільму «Банда», знятага Беларускім дакументальным цэнтрам. Беларусь зноў нагадвае пра сабе.

ВОЛЬГА САЛАМАТАВА, ЭКСПЕРТКА ХЕЛЬСІНКСКАГА ФОНДУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

«У сітуацыі ўзброенага канфлікту, які адбываецца на ўсходзе Украіны, і ўсяго, што цяпер адбываецца ў свеце, Беларусь выглядае дастаткова спакойна. Але гэта не праўда, гэта «бачнасць» на «цяпер». Законы цяпер сталі яшчэ горшыя.

«Банда» распавядае пра падзеі 16-ці гадовай даўніны – пра выкраданні апанентаў уладаў Беларусі, аднак усе думкі, выказаныя ў стужцы, актуальныя і цяпер. Дагэтуль не знайшлі вінаватых у знікненні Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Сваякі ж зніклых на ўсе спробы даведацца штосьці пра хаду следства атрымоўваюць фармальныя «адпіскі» са Следчага камітэту. Тэма зніклых людзей цяпер не надта папулярная – вядома ж, хутка выбары.

ВОЛЬГА ЗАВАДСКАЯ, МАЦІ ЗНІКЛАГА ЖУРНАЛІСТА:

«Цяпер шмат і вельмі хораша кажуць пра Беларусь, у гэтую выбарчую кампанію. Кажуць, што краіна бяспечная, што ўсе людзі – шчаслівыя. Ідзе «жэстачайшы» прэсінг, ідзе на «ўра».

Пасля прагляду стужкі адбыліся дэбаты ўдзельнікаў імпрэзы з гледачамі.

Як адзначыў шмат хто з прысутных, праводзіць міжнародны дзень салідарнасці з беларускай грамадскасцю, безумоўна, варта, а перадусім не трэба забывацца на тое, што ў Беларусі дагэтуль парушаюцца правы чалавекa. Толькі гавораць пра гэта цяпер усё менш, бо імідж краіны перажывае часы «касметычнага рамонту».

ДРАГІНЯ НАДАЖДЗІН, ДЫРЭКТАРКА «AMNESTY INTERNATIONAL», ПОЛЬШЧA:

«Ёсць вялікая праблема з тым, як Беларусь прызентаваная ў свеце, у Еўропе».

Далейшыя ж «саступкі» афіцыйнаму Менску з боку Еўразвязу могуць толькі ўзмацніць ва ўладаў Беларусі пачуццё беспакаранасці. Прадстаўнікі еўрапейскіх пазаўрадавых арганізацыяў гэта разумеюць, прынамсі некаторыя.

ДРАГІНЯ НАДАЖДЗІН, ДЫРЭКТАРКА «AMNESTY INTERNATIONAL», ПОЛЬШЧА:

«Гэта вартая інвестыцыя часу і энергіі. Такія падзеі патрэбныя, каб паказаць, што мы разам з беларускай грамадскасцю, але таксама мы будзем з імі і ў іншых момантах».

Пакуль жа ж традыцыйна перад выбарамі ўлады спрабуюць гуляцца ў дэмакратыю. Нават пікет у Менску паміж помнікам Феліксу Дзяржынскаму і будынкам КДБ прайшоў без затрыманняў. Мэтаю ж акцыі, сярод іншага, было нагадаць пра тых жа зніклых апанентаў улады.

Алена Шпак, belsat.eu

Стужка навінаў