У Расейскай Федэрацыі Сталіна ўшанавалі білбордам


Вялікая выява аднаго з самых крывавых тыранаў мінулага з’явілася на вуліцах гораду Альмецьеўску ў Татарстане. Білборд у гонар 135-годдзя Іосіфа Сталіна размясціла не мясцовае аддзяленне камуністычнай партыі, а 40-гадовы прадпрымальнік.

Бізнесмен Аляксандр Лапко, які прадае офісную тэхніку, напярэдадні юбілею Сталіна вырашыў нагадаць сваім землякам пра ролю асобы савецкага правадыра. Прадпрымальнік заказаў і аплаціў адпаведны білбород, які змясціў на сцяне сваёй крамы.

На велізарным плакаце побач з партрэтам Сталіна пералічваецца спіс ягоных заслуг:

– ён знішчыў пятую калону;

– пад яго камандаваннем мы перамаглі нацысцкую Нямеччыну і вызвалілі Еўропу, адрадзілі Расею з руінаў;

– ён абараніў нашу культуру жалезнай заслонай;

– пры ім шанавалася адукацыя і фізічная культура;

– пры ім не было карупцыі;

– пры ім мы былі самым паважаным народам і самай паважанай нацыяй на ўсёй планеце;

– ён стварыў Звыш-Дзяржаву.

Аляксандр Лапко так патлумачыў свой учынак у адмысловым адкрытым лісце: «Сталіна на вас няма!» – сказалі б нашыя дзяды і прадзеды, якія аддалі свае жыцці за яго і за Радзіму. Пры ўсіх неадназначных стасунках да яго асобы нельга не прызнаць, што ён частка нашай гісторыі, што ён быў найвялікшым палітычным дзеячам, стратэгам і палкаводцам, якія здолелі зрабіць нашу краіну звышдзяржавай, а народ – паважанай ва ўсім свеце нацыяй».

У сваім звароце мужчына згадвае і цяперашняга расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, практычна параўноўваючы яго да Сталіна.

«На сённяшні дзень ён, мабыць, адзіны разважны Лідар, чые «амбіцыі» накіраваныя на захаванне дзяржаўнай цэласнасці і палітычнай стабільнасці ў нашай краіне», – лічыць Аляксандр Лапко.

Білборд са Сталінам правісеў у Альмецьеўску ўжо два тыдні, паведамляе «Вечерняя Казань».

У Беларусі 29 кастрычніка адзначаецца Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. 29-га кастрычніка 1937 года за адну ноч у Менску ва ўнутранай турме НКУС былі забітыя каля ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, 22 з іх – пісьменнікі.

Паводле афіцыйных архіўных дадзеных, у 1930-1953 гады было вынесена 3.778.234 абвінаваўчых прысудаў у контррэвалюцыйнай, антыдзяржаўнай дзейнасці, у тым ліку 786.098 прысудаў былі смяротныя.

У гады піку рэпрэсіяў (1937-1938) НКУС арыштаваў каля 1,5 млн. чалавек, з якіх каля 700 тыс. расстралялі, гэта значыць, у сярэднім на дзень прыпадала 1.000 расстрэлаў. Паводле ацэнак розных даследнікаў, у перыяд з 1930 па 1953 год праз сістэму лагераў ГУЛАГу прайшло ад 5 да 9 млн. зняволеных, з іх ад 1,3 да 3,7 млн. былі асуджаныя па палітычных артыкулах.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў