Сотні тысяч дэманстрантаў па ўсім свеце выйшлі на маршы пратэсту напярэдадні парыжскага саміту ААН па кліматычных зменах.
Удзельнікі маршаў патрабуюць неадкладных і больш рашучых дзеянняў з мэтай спыніць змяненне глабальнага клімату, прычына якога – дзейнасць чалавека.
Буйны марш прайшоў у Лондане, пратэсты запланаваны ў Нью-Ёрку, Рыа-дэ-Жанейра і Мехіка, падае Бі-Бі-Сі.
У самым Парыжы паліцыя ўжыла слезацечны газ і затрымала каля 200 удзельнікаў пратэстаў, якія парушылі забарону на правядзенне дэманстрацыяў, якую ўвялі пасля тэрактаў у французскай сталіцы два тыдні таму – 13 лістапада.
Дэманстрацыя праходзіла на Плошчы рэспублікі. Група людзей у масках, якая знаходзілася ў натоўпе, пачала шпурляцца рознымі прадметамі ў паліцэйскіх і выкрыкваць «Надзвычайнае становішча! Паліцэйскае дзяржава», маючы на ўвазе ўведзеныя ў Францыі ўзмоцненыя захады бяспекі пасля тэрактаў 13 лістапада.
У выніку тэрактаў у Парыжы 13 лістапада загінулі 130 чалавек. Больш за ўсё загінулых было ў канцэртнай зале «Батаклан».
МЯ, паводле bbc.com