У катастрофе СУ-25 пад Лідаю вінаватых няма


Следчы камітэт спыніў крымінальную справу па факце крушэння штурмавіка праз адсутнасць складу злачынства. «Падчас следства парушэнняў правілаў палётаў і падрыхтоўкі да іх не ўстаноўлена», – паведамляюць праваахоўнікі.

Катастрофа адбылася ў верасні 2014 года. Самалёт 116-й штурмавой авіяцыйнай базы выконваў планавы вучэбны палёт у Лідскім раёне. «У выніку пазаштатнай сітуацыі лятак згубіў упраўленне. Лётчык, пераканаўшыся, што траекторыя падзення штурмавіка знаходзіцца па-за населенымі пунктамі, катапультаваўся. У выніку падзення СУ-25 поўнасцю разбурыўся і згарэў», – паведамляе Следчы камітэт. Ахвяраў і разбурэнняў удалося пазбегнуць.

Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю аварыі стаўся пажар, які ўзнік праз трэнне жгута і трубапроваду.

Яшчэ да афіцыйных вынікаў расследавання былы лётчык-знішчальнік Лявон Спаткай у інтэрвю «Белсату» выказаў версію аб тым, што прычынаю катастрофы стаўся кепскі стан тэхнікі, а дакладней – састарэласць баявых машынаў. «Ёсць такі выраз у лётчыкаў: пасыпалася. Сыплецца гэтая старая тэхніка. У той жа Расеі – самалёты 5-га пакалення, а мы яшчэ лятаем на самалётах 2-га пакалення», – сказаў суразмоўца.

Два гады перад катастрофаю «пасыпаўся» лятак той жа мадэлі з той жа авіябазы (пілот загінуў), тры гады таму разбіўся верталёт МІ-25 (загінулі тры чальцы экіпажу).

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў