Трамп у Варшаве запрапануе Еўропе газавую бяспеку


У чацвер Дональд Трамп сустрэнецца з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам, Мэланія Трамп – з першай лэдзі Польшчы Агатай Дудай. Сустрэчы адбудуцца ў розных месцах. Фота – Mike Theiler / Reuters

Напярэдадні саміту G20 Доналд Трамп на некалькі гадзінаў завітае ў Польшчу, каб паразмаўляць пра амерыканскі газ і гарантыі бяспекі для краінаў Міжмор’я.

Пра намер наведаць Польшчу Трамп абвесціў пасля смерці Збігнева Бжэзіньскага.

6 ліпеня амерыканскі прэзідэнт стане найважнейшым госцем сустрэчы лідараў краінаў Міжмор’я – рэгіёна паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным марамі. Дзеля бяспекі Трампа саміт адмыслова перанеслі з Уроцлава ў Варшаву.

Яраслаў Качыньскі, лідар кіроўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасць» заявіў, што візіт Трампа – «новы поспех Польшчы».

The New York Times піша, што Польшча будзе ўважліва прыслухоўвацца да таго, што Трамп скажа пра адказ НАТО ў выпадку атакі на якога-кольвек чальца альянсу. Падчас папярэдняга візіту ў Еўропу ён спужаў хаўруснікаў папрокамі ў тым, што яны не ўносяць у бюджэт альянсу неабходнай долі.

Газета Wyborcza звяртае, аднак, увагу на эвалюцыю поглядаў Трампа: пра «састарэлае» НАТО ён ужо не кажа. Наадварот: сустракаецца з Пятром Парашэнкам і запэўнівае яго аб падтрыманні.

«Наша Ніва» адзначае, што Трамп едзе ў Варшаву не з пустымі рукамі: прэзідэнт ЗША «вязе прапанову купляць амерыканскі звадкаваны газ, каб зменшыць залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў».

Такая перспектыва спакушае ўсходнееўрапейскія краіны: пры наяўнасці там газавых тэрміналаў Масква больш не можа шантажаваць краіны пагрозай перакрыцця трубы ў ацяпляльны сезон.

Для Трампа некалькі гадзінаў у Польшчы стануць невялікай закускай перад асноўнай стравай. Адразу пасля Варшавы Трамп паляціць на саміт G20 у Гамбург, дзе правядзе перамовы з Ангелай Мэркель, Эманюэлем Макронам і Уладзімірам Пуціным.

ДД

Стужка навінаў