Таццяна Караткевіч: Ярмошына правакуе канфлікт


Патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі Таццяна Караткевіч пракаментавала выказванні, зробленыя ў яе адрас старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

«Асаблівасцю гэтай прэзідэнцкай кампаніі з’яўляецца тое, што старшыня ЦВК паводзіць сябе не проста як чыноўнік, які павінен арганізоўваць выбарчы працэс, яна дазваляе сабе быць палітыкам, – заўважыла Таццяна Караткевіч у інтэрвю БелаПАН. – Я лічу, што гэта недазвольна – старшыні ЦВК рабіць заявы, каментаваць, даваць ацэнкі. З аднаго боку яна робіць кампліменты, а назаўтра яна гэтыя кампліменты забірае, гаворачы нейкія гендэрна некарэктныя рэчы аб тым, што жанчына наагул не можа быць лідарам. Яна ўносіць сваймі заўвагамі блытаніну ў дэмакратычныя сілы і правакуе канфлікт».

Раней, каментуючы «Еўрарадыё» намер шэрагу дэмакратычных структур стварыць незалежную камісію, каб праверыць сапраўднасць здадзеных за Таццяну Караткевіч подпісаў, Лідзія Ярмошына сказала: «Мне, шчыра кажучы, яе (Таццяну Караткевіч – рэд.) шкада. Я спадзяюся, што гэтая баба выстаіць і яны яе не затравяць», – сказала Лідзія Ярмошына.

Чытайце яшчэ >>> Таццяна Караткевіч за Плошчу-2015 у форме мірнага пратэсту

Таццяна Караткевіч: Трэба паважаць пачуцці камуністаў

Больш за ўсё грошай паступіла на рахунак выбарчага фонду Таццяны Караткевіч

МЯ, паводле БелаПАН, euroradio.fm

Стужка навінаў