Сёння мусіць пачацца адвод цяжкага ўзбраення з зоны канфлікту на Данбасе


Паводле менскіх дамоўленасцяў, адвод цяжкага ўзбраення мусіць пачацца не пазней другога дня спынення агню і завяршыцца цягам 14 дзён.

Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Андрэй Лысенка 16 лютага заявіў, што Украіна падрыхтавала пляцоўкі для адводу цяжкага ўзбраення, але не пачне яго адводзіць, пакуль баевікі не спыняць страляць. У сваю чаргу прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін заяўляў, што сепаратысты пачнуць адводзіць узбраенне толькі «пры сінхронных дзеяннях Кіеву».

Узбраенне калібрам вышэй за 100 мм украінскія вайскоўцы мусяць адвесці ад фактычнай лініі ўзбраення, у той час як сепаратысты – ад лініі, зафіксаванай менскімі дамоўленасцямі 19 верасня. Мяркуецца, што ў залежнасці ад тыпу артылерыі цяжкія сістэмы будуць адводзіцца на 25, 35 і 70 кіламетраў адпаведна, каб стварыць буферныя зоны.

Інспектаваць рэжым спынення агню мусіць місія АБСЕ, прадстаўнікоў якой у нядзелю і панядзелак баевікі не прапусцілі ў Дэбальцава, дзе агонь не спыняецца.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў