Суд за пікет каля французскай амбасады адклалі


Матэрыялы адміністрацыйных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з журналістамі французскай газеты «Charlie Hebdo» каля амбасады Францыі, накіраваныя ў РУУС для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Судовае пасяджэнне, раней прызначаны на 4 лютага судом Цэнтральнага раёну, не адбудзецца.

Пра гэта паведамілі ў Вярхоўным судзе Беларусі са спасылкай на інфармацыю Менскага гарадскога суда.11 студзеня чатыры чалавекі, у тым ліку старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы рэдактар сатырычнай газеты «Навінкі» Павел Канавальчык і намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук прыйшлі да амбасады Францыі ў Менску з плакатамі «Je suis Charlie» («Я – Шарлі»), каб выказаць салідарнасць з забітымі ў Парыжы журналістамі сатырычнага выдання. На ўдзельнікаў акцыі склалі пратаколы, і была прызначаная дата суда – 4 лютага, падае БелаПАН.

29 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для айчынных і замежных медыяў карэспандэнтка Бі-Бі-Сі Таццяна Мельнічук заклікала ўлады адэкватна рэагаваць на крытыку і не затрымліваць людзей з адрознай ад афіцыйнага пункту гледжання.

«Моцныя ўлады ніколі не будуць баяцца крытыкі і прыніжацца да дробязнай расправы з тымі, хто крытыкуе тое, што адбываецца не так, – сказала журналістка. – Вельмі карыкатурнымі выглядаюць некаторыя дзеянні ўладаў, калі арыштоўваюць чатыры чалавекі, якія выйшлі да амбасады Францыі з таблічкай «Я – Шарлі» менавіта ў той дзень, калі ва ўсім свеце ўзгадваюць тых, хто загінуў у рэдакцыі гэтага французскага штотыднёвіка».

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разабрацца з затрыманнямі і судамі над удзельнікамі акцыяў салідарнасці. «Выйшлі чатыры чалавекі, яны што супраць ісламу? Калі ўлады пачалі мітусіцца, значыць, яны ідыёты. Ну прыйшлі яны да амбасады. Што тут такога? Гэтага быць не павінна, кажу публічна пры ўсіх», – цытуе Лукашэнку telegraf.by.

«Паведамленне Вярхоўнага суда сведчыць аб адным: судовая сістэма – частка «Чырвонага дому», і ўсе рашэнні прымае адзін чалавек, – заявіў Анатоль Лябедзька. – Ёсць прадмет для сурёзнай дыскусіі: што мы стварылі па сканчэнні 21 гады працы інстытуту прэзідэнта?»

«З аднаго боку, я павінен быць задаволены тым, што ўпершыню за 25 гадоў маёй палітычнай кар‘еры прынята такое рашэнне. З іншага боку, тут нічога пазітыўнага для краіны і яе будучыні. Можна толькі ўявіць, якім чынам выносяцца рашэнні па тысячах іншых спраў», – сказаў палітык. Ён таксама адзначыў, што адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі каля французскай амбасады не зачыненыя, а вернутыя ў міліцыю для ліквідацыі недахопаў, таму «ў нейкі момант іх могуць зноў дастаць з-пад сукна».

МЯ, паводле БелаПАН, telegraf.by

Стужка навінаў