Старшыня польскага Сенату: Мы не намераныя закрываць «Белсат»

video

Станіслаў Карчэўскі з журналістамі. Фота Aliaksandr Papko/radyjo.net

Польшча не спыніць падтрымання незалежных медыяў узамен за паляпшэнне стасункаў з Менскам – заявіў старшыня Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.

Польскія ўлады не намераныя спыняць трансляцыю тэлеканалу «Белсат» і падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі ўзамен за развіццё стасункаў з уладамі Беларусі. Пра гэта заявіў спікер польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі пасля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх апазіцыйных партыяў і рухаў, а таксама грамадзянскай супольнасці.

З беларускага боку на сустрэчы з дэлегацыяй Сенату Польшчы прысутнічалі прадстаўнікі руху «За свабоду», праваабарончага цэнтру «Вясна», Партыі БНФ і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Акрамя таго, на сустрэчы з польскімі сенатарамі былі запрошаныя першы кіраўнік незалежнай беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч і незалежная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

«Ніякага гандлю з беларускім урадам не было. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выказалі засцярогі наконт магчымай ліквідацыі «Белсату», але гэтыя засцярогі мы развеялі», – заявіў Станіслаў Карчэўскі.

Раней адно з польскіх выданняў, не спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, паведаміла, што ўлады Беларусі нібыта гатовыя даць дазвол на трансляцыю ў Беларусі польскага тэлеканалу «TVP Polonia» або дзяржаўнага тэлеканалу «TVP1», але пры ўмове, што Польшча пойдзе на скарачэнне вяшчання тэлеканалу «Белсат».

Спікер Сенату Польшчы паведаміў, што з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі польскія парламентарыі «правялі вельмі цікавую і надзвычай патрэбную размову».

Дэлегацыя вышэйшай палаты польскага парламенту знаходзілася ў Беларусі 5-6-га. Старшыня Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, а таксама старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам ды прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Станіслаў Карчэўскі наведаў філалагічны факультэт БДУ, дзіцячы анкалагічны шпіталь у Бараўлянах і ўсклаў вянкі на месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. Спікер польскага Сенату спаткаўся таксама з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

Больш пра візіт польскай афіцыйнай дэлегацыі ў Беларусь – у відэаматэрыялах «Абʼектыву».

https://www.youtube.com/watch?v=rimNIPwjAKo

https://www.youtube.com/watch?v=8XFSm18uS6U

МЯ, паводле radyjo.net

Глядзі таксама
Каментары