Стала вядома колькі будзе каштаваць бензін


Услед за ростам коштаў нафты беларускія НПЗ падвысяць цэны на бензін і дызель. Фота – Уладзімір Нікольскі/Reuters

«Белнафтахім» хоча зрабіць цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі прынамсі як у Расеі.

Напрыканцы 2017-га барэль нафты стаў каштаваць каля $ 64 за барэль (у жніўні кошт быў каля $ 50). Пра ўплыў гэтага на працу беларускіх НПЗ намеснік старшыні канцэрну Андрэй Рыбакоў заявіў у інтэрв’ю «БЕЛТА».

«Павелічэнне кошту сыравіны непазбежна прыводзіць да павелічэння цаны гатовага прадукту, – сказаў Рыбакоў. – Для кампенсацыі стратаў НПЗ ад росту катыровак нафты цэны на нафтапрадукты неабходна павялічыць на 23 %», – адзначыў Андрэй Рыбакоў.

Даражэйшае за беларускае паліва не толькі ў Польшчы ці Літве, але таксама ўва Украіне (на 48–68 %) ды сумежных вобласцях Расеі (бензін – амаль на 15 %, дызель – каля 11 %).

«Рэнтабельнасць вытворчасці і рэалізацыі маторнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі стала адмоўнай. Каб беларускі спажывец і далей атрымліваў якасны айчынны бензін і дызельнае паліва, неабходна забяспечыць іх прыбытковую працу і дастатковуае фінансаванне завяршэння мадэрнізацыі заводаў, накіраванай на павелічэнне выхаду светлых нафтапрадуктаў», – заявіў Рыбакоў.

Паводле Рыбакова, канцэрн лічыць неабходным як мінімум прывесці беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да парытэту з коштамі расейскага рынку.

ДД

Глядзі таксама
Каментары