Паводле афіцыйных заяваў Расеі, самалёты застаюцца, але на першы план выходзяць інжынерныя войскі.
«Мы скарачаем нашу ваенную групоўку ў Сірыі, прычым значна, але ня выводзім зусім, – цытуе кіраўніка камітэту Савету Федэрацыі па абароне і бяспецы Віктара Бондарава «Інтэрфакс». – У Хмейміме застанецца нашая авіяцыя: бамбавальнікі, знішчальнікі, штурмавікі, вайсковая авіяцыя. Застанецца супрацьпаветраная абарона».
Чыноўнік заявіў пра тое, што «цяпер на першы план выходзяць інжынерныя войскі».
«Расейцы бяруць удзел у размініраванні тэрыторыі краіны. Мяркую, да гэтай працы падключацца і іншыя краіны ААН», – сказаў Бондараў.
Загад вывесці войскі Уладзімір Пуцін зрабіў падчас візіту на паветраную базу Хмеймім. Гэта быў першы візіт Уладзіміра Пуціна ў Сірыю.
Заява ж пра вывад войскаў з вуснаў Пуціна гучыць ужо ў трэці раз. Раней гэта адбылося летась – у сакавіку, а потым снежні.
Вайсковы аглядальнік Аляксандра Алесін сказаў у размове з «Белсатам», што вывад часткі кантынгенту абумоўлены фінансавым разлікам.
ДД