Якімі былі сапраўдныя мэты інтэрвенцыі Расеі ў Сірыі? Пра найбольшых сяброў Пуціна ў Еўропе і як жыве беларуска з сямʼёй на лініі фронту ў Данбасе? Гэта ды іншае важнае і цікавае за мінулы тыдзень на планеце ў праграме «Прасвет» з Дзмітрыем Гурневічам.
Крэмль выводзіць войскі з Сірыі, бо, як заявіў сам Уладзімір Пуцін, задача, што стаяла перад расейскімі войскамі, – выкананая, а цяпер, маўляў, надышоў час на палітычны працэс. Што гэта былі за задачы і колькі цяпер, пасля выхаду расейскай авіяцыі, шанцаў на дыпламатычнае развязанне канфлікту, высвятляў Усевалад Шлыкаў.
Што і каму паказвае Пуцін вывадам часткі войскаў з Сірыі? Хто становіцца новым саюзнікам Расеі? Як можа скончыцца працэс Надзеі Саўчанкі? Як хочуць жыць расейцы? Сяргей Пеляса паразмаўляў з Вацлавам Радзівіновічам, шматгадовым карэспандэнтам польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Маскве, якому тры месяцы назад Крэмль забараніў працаваць у Расеі.
Два гады таму ў Крыме пад наглядам расейскіх жаўнераў прайшоў рэферэндум у справе далучэння паўвыспы да Расеі. Анексія адбылася, хоць заходні свет яе не прызнаў. У выніку – санкцыі ды ізаляцыя Масквы. Гэта баліць, асабліва калі гэткія захады – з боку суседа і партнёра – Еўразвязу. Але ў самой Еўропе супрацьстаянне з Расеяй даецца з цяжкасцю. Як Расея разʼядноўвае еўрапейскія дзяржавы – Ганна Любакова.
Размова з Ігарам Тышкевічам, беларускім сістэмным аналітыкам і публіцыстам з Кіева.
Нягледзячы на працяглыя баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны, жыццё там працягваецца і нараджаецца фактычна на самым пярэднім яе краі. У вёсцы Вадзяное 4 кіламетры на поўнач ад знішчанага баямі данецкага лётнішча жывуць некалькі дзясяткаў яе жыхароў, сярод іх дзеці, самаму малому – 5 месяцаў. Сярод іх ёсць і беларуска.
Андэрс Брэйвік, асуджаны на 21 год, стаміўся сядзець ужо праз чатыры. Праз адзіноту ён распачаў працэс супраць дзяржавы. Ці выйдзе Брэйвік? Дзяніс Дзюба.
Не без скандалаў разгортваецца перадвыбарчая кампанія ў ЗША. Найбольшыя шанцы стаць кандыдатам ад дэмакратычнай партыі пакуль мае Гілары Клінтан. Ад рэспубліканскай – Дональд Трамп, і менавіта гэты прэтэндэнт нарадзіў безліч канфліктаў. Нават унутры партыі, да якой ён належыць, зʼявілася пагроза расколу. Чаго чакаць ад прэтэндэнтаў у Белы дом? Юлія Цяльпук.
СП, belsat.eu