СК выявіў карупцыянера на Рагачоўскім малочнакансервавым камбінаце, які браў «адкаты»


Начальнік аддзелу знешнеэканамічнай дзейнасці браў узнагароджанне ад камерсантаў з Расеі ды Казахстану.

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС распачала супраць яго крымінальную справу.

У працэсе папярэдняга расследавання выяўлена, што абвінавачаны на працягу пяці гадоў, пачынаючы з красавіка 2010 года, карыстаючыся пасадай, атрымліваў ад камерсантаў з Казахстану ды Расеі незаконныя грашовыя ўзнагароджанні. Узамен дапамагаў ім вырашаць пытанні, якія ўваходзілі ў кампетэнцыю начальніка аддзелу.

Таксама абвінавачаны неаднаразова браў грашовае ўзнагароджанне ад кіраўніка транспарта-экспецыцыйнай кампаніі.

Агулам у якасці хабару атрымаў не менш за 1,1 млрд рублёў.

Дзеянні парушальніка кваліфікаваныя паводле ч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.

Прыкладна месяц таму здымачная група «Белсату» наведала Рагачоў, каб зрабіць рэпартаж пра барацьбу мясцовых грамадскіх актывістаў супраць карупцыі.

«У Рагачоўскім раёне карупцыя настолькі неверагодных маштабаў дасягае. Ну, здзейснілі яны тры гучныя арышты – Банчука, Бондарава і Якаўлева. Але тут крадуць дзясяткі чыноўнікаў», – распавёў тады нашаму тэлеканалу актывіст Дзяніс Дашкевіч.

НМ, belsat.eu, паводле sk.gov.by

Стужка навінаў