Рублі, тэнге і драмы: Еўразійскі саюз плануе адмовіцца ад долара і еўра


Адпаведная прапанова ўтрымліваецца ў канцэпцыі развіцця плацёжных сістэмаў на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Расея, Беларусь, Казахстан і Арменія могуць адмовіцца ад узаемных разлікаў у доларах і еўрах да 2025 – 2030 гг., – паведаміў расейскаму выданню «Известия» прадстаўнік расейскай Нацыянальнай плацежнай рады Аляксандр Мурычаў. На змену амерыканскай і еўрапейскай валюце прыйдзе расейскі і беларускі рубель, казахстанскае тэнге і армянскі драм.

«Каля паловы ўзаемнага плацежнага абароту паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС) прыпадае на чужыя валюты – долар ЗША і еўра, што павышае залежнасць ЕАЭС ад адпаведных эканомік», – заявіў Мурычаў.

Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу ўступіць у сілу з 1 студзеня 2015 года.

Еўразійскі эканамічны саюз стане чарговым этапам інтэграцыі на постсавецкай прасторы і прыйдзе на змену Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўраЗЭС).

ЮВ, паводле «Известия»

Стужка навінаў