Расея пакуль не будзе выводзіць войскі з Сірыі, хаця абвясціла аб вызваленні краіны ад ІД


фота ЕРА

Прадстаўнікі Мінабароны Расеі заявілі, што выводзіцца з Сірыі расейскія войскі пакуль не будуць, хаця напярэдадні яны даклалі Уладзіміру Пуціну аб поўнай перамозе над «Ісламскай дзяржавай».

На спецыяльным брыфінгу, арганізаваным ведамствам, яго прадстаўнікі заявілі, што не выключаюць з’яўлення на тэрыторыі краіны новых дыверсійных груп ІД, але ўпэўнены, што іх змогуць ліквідаваць сірыйскія ўрадавыя войскі, перадае bbc.com.

«Расейская групоўка войскаў засяродзіць асноўныя намаганні на аказанні дапамогі сірыйскаму народу ў аднаўленні мірнага жыцця і забеспячэнні выканання бакамі дасягнутых дамоўленасцяў», – заявіў начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення расейскага генштаба генерал-палкоўнік Сяргей Рудскі.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітры Пяскоў удакладніў, што рашэнне аб спыненні расейскай ваеннай аперацыі ў Сірыі можа прыняць толькі прэзідэнт Уладзімір Пуцін на правах вярхоўнага галоўнакамандуючага.

6 снежня начальнік генштаба РФ Валеры Герасімаў заявіў:

«Усе бандфарміраванні ІД на тэрыторыі Сірыі знішчаныя, а сама тэрыторыя вызвалена. Міністр абароны Расеі, генерал арміі Сяргей Шайгу даклаў пра гэта гадзіну таму вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, прэзідэнту Уладзіміру Пуціну».

Паводле слоў Герасімава, у сераду падраздзяленні сірыйскага войска разграмілі групоўкі ІД у правінцыі Дэйр-эз-Зор.

У лістападзе расейскія ўлады заяўлялі, што да канца года скончаць аперацыю ў Сірыі. 20 лістапада ў Сочы прайшлі перамовы Пуціна і прэзідэнта Сірыі Башара Асада, па выніках якіх яны паабяцалі хуткае завяршэнне расейскай аперацыі. Разам з тым Пуцін прызнаў, што «да поўнай перамогі над тэрарызмам, вядома, яшчэ вельмі далёка».

На наступны дзень, 21 лістапада, Пуцін заявіў, што пад кантролем урадавых войскаў у Сірыі «знаходзіцца ўжо больш за 98% тэрыторыі».

Яшчэ праз два дні начальнік генштаба Герасімаў заявіў журналістам, што ваенная групоўка РФ ў Сірыі можа быць скарочана. А сакратар Савета бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў 30 лістапада казаў, што падрыхтоўка да скарачэння расейскага кантынгенту ў Сірыі ўжо пачалася.

Эксперты меркавалі, што Пуцін паспрабуе завяршыць расейскую частку аперацыі ў Сірыі да пачатку перадвыбарчай кампаніі. 6 снежня Пуцін заявіў, што прыняў рашэнне балатавацца на новы тэрмін.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары