Расея і Турцыя ўзгаднілі план спынення агню ў Сірыі


Масква і Анкара прапануюць пачаць замірэнне апаўночы 29 снежня, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Анадолу» са спасылкай на свае крыніцы.

Дамоўленасць будзе закранаць усе раёны Сірыі, дзе ідзе супрацьстаянне паміж урадавымі войскамі і апазіцыйнымі групоўкамі. На тэрарыстычныя арганізацыі пагадненне не распаўсюджваецца.

Агенцтва ўдакладняе, што ў выпадку поспеху дамоўленасці аб рэжыме спынення агню ўрад Сірыі і апазіцыя пры падтрымцы Расеі і Турцыі пачнуць у Астане палітычныя кансультацыі па ўрэгуляванні канфлікту. ЗША не будуць удзельнічаць у перамовах, але Вашынгтон падтрымаў спробы ўзгадніць умовы перамірʼя.

Раней Пуцін неаднаразова казаў, што наступным крокам на шляху да ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі павінна стаць спыненне агню на ўсёй тэрыторыі краіны.

Рэжым спынення агню ў Сірыі абʼяўлялі ў лютым і ў верасні 2016 года. Неўзабаве пасля гэтага бакі канфлікту зноў пачыналі ўзброенае супрацьстаянне.

22 снежня войскі Башара Асада абʼявілі, што ўзялі пад поўны кантроль увесь Алепа.

Другі па памерах сірыйскі горад – ключавая мэта ўрадавых сіл у барацьбе супраць сірыйскай апазіцыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у горадзе застаюцца дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Запасы харчавання на зыходзе, гарадскія лякарні ва ўсходнім Алепа не працуюць. Паводле кіраўніка гарадской рады Алепа, за апошні месяц загінулі каля тысячы чалавек, яшчэ каля 3–3,5 тысяч атрымалі раненні.

ДР belsat.eu паводле meduza.io

Стужка навінаў