Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі генасамблеі ААН аб неадкладным спыненні агню ў Сірыі


Вайна ў Сірыі трывае ўжо больш за 5 гадоў. Фота wikipedia.org

Генеральная асамблея ААН пераважнай большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю, якая патрабуе неадкладнага спынення агню ў Сірыі і неадкладнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя раёны. Беларусь прагаласавала супраць.

Рэзалюцыю, праект якой 9-га снежня быў прадстаўлены Канадай, падтрымалі 122 краіны. Супраць прагаласавалі 13 дзяржаў, у тым ліку Расея, Беларусь, Іран і Сірыя. Яшчэ 36 дзяржаў устрымаліся, паведамляе «Бі-бі-сі».

У дакуменце гаворыцца аб неабходнасці поўнага спынення ўсіх нападаў на грамадзянскіх асобаў і грамадзянскія абʼекты. Таксама рэзалюцыя патрабуе спынення аблогі гарадоў і населеных пунктаў, у тым ліку і аблогі раёнаў Алепа.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін яшчэ перад галасаваннем у Генасамблеі ААН заявіў, што праект рэзалюцыі змяшчае сурʼёзныя недахопы, і таму Расея яго не падтрымае.

Па словах Чуркіна, у праекце рэзалюцыі «няправільна вызначаныя прычыны зараджэння і развіцця канфлікту ў Сірыі», а таксама «зашкальвае абвінаваўчы акцэнт на адрас уладаў краіны».

Акрамя таго, Расею не задаволіла адсутнасць у дакуменце выразнага ўказання на тое, што «рэжым спынення баявых дзеянняў не можа распаўсюджвацца на тэрарыстаў», а таксама не згадваецца ключавая праблема адмежавання ад тэрарыстаў умеранай узброенай апазіцыі.

Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Саманта Паўэр заявіла, што галасаванне ў Генасамблеі ААН дазволіць запатрабаваць ад Расеі і Башара Асада спыніць кровапраліцце ў краіне.

На гэтым тыдні ЗША, Брытанія, Нямеччына, Італія, Францыя і Канада заклікалі бакі канфлікту да неадкладнага спынення агню, каб даць магчымасць супрацоўнікам ААН даставіць гуманітарную дапамогу.

Сірыйскія ўлады выключылі магчымасць якога-небудзь перамірʼя ў Алепа. 5 снежня Расея і Кітай наклалі вета на рэзалюцыю Рады бяспекі ААН аб тыднёвым спыненні агню ў гэтым горадзе.

Аднак вечарам 8 снежня міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў паведаміў, што актыўныя баявыя дзеянні сірыйскай арміі ва ўсходнім Алепа прыпыненыя, каб мірныя жыхары маглі пакінуць горад.

Цяпер войскі Башара Асада кантралююць больш за дзве траціны ўсходняга Алепа і працягваюць наступ. Як сцвярджаюць расейскія вайскоўцы, пад кантролем сірыйскай арміі знаходзіцца ўжо 93% тэрыторыі гораду.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Алепа, на падкантрольнай паўстанцам тэрыторыі, застаюцца дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Запасы харчавання на зыходзе, гарадскія лякарні ва ўсходнім Алепа не працуюць.

Па словах кіраўніка гарадской рады Алепа, за апошнія 26 дзён больш за 800 чалавек загінула і яшчэ каля 3–3,5 тысяч атрымалі раненні ў абложаных усходніх раёнах гораду. Поўны кантроль над Алепа, другім па памерах сірыйскім горадам, – ключавая мэта сіл прэзідэнта Башара Асада ў барацьбе супраць сірыйскай апазіцыі.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары