Прэзідэнт ЗША: вывад войскаў з Афганістану прыпынены


Цяпер у гэтай краіне знаходзяцца каля 9800 вайскоўцаў. Яны застануцца там да канца 2016 года.

Напрыканцы 2016-га або пачатку 2017-га кантынгент скараціцца да 5500 вайскоўцаў. Частка з іх будзе займацца падрыхтоўкай афганскіх вайскоўцаў, іншая частка працягне барацьбу з тэрарыстамі з «Аль-Каіды» і «Ісламскага дзяржавы».

Паводле амерыканскага выдання «The New York Times», адмовіўшыся ад уласных абяцанняў вярнуць дадому амерыканскіх жаўнераў, Барак Оўбама прызнаў, што афганскія ўлады самі не справяцца з «Талібанам».

Першапачаткова Оўбама збіраўся ў два разы скараціць кантынгент ужо ў 2015 годзе (потым гэты план перанеслі на 2016 год). У 2017-м планавалася пакінуць у Афганістане толькі 1000 чалавек для аховы амбасады ЗША ў Кабуле. Вайсковае кіраўніцтва, а таксама Кангрэс выступалі супраць вываду войскаў гэтай краіны.

Войскі ЗША знаходзяцца ў Афганістане з 2001 года. Асноўныя сілы знаходзяцца на базах – каля Кабулу ў ваколіцах Кандагару і Джалал-Абаду. Базы выкарыстоўваюцца для запуску дронаў, якія дапамагаюць наносіць удары па тэрарыстах. 5500 вайскоўцаў у Афганістане каштуюць амерыканскім падаткаплацельшчыкам каля $ 14,6 млрд у год.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў