Прагноз Міністэрства эканомікі: Беларусь дагоніць перадкрызісны стан праз 50 гадоў


Не больш як па 1 % за год будзе расці айчынная эканоміка ў выпадку, калі ўлады не правядуць рынкавых рэформаў. Такі прагноз абнародаваў даследчы інстытут Міністэрства эканомікі. У доларавым эквіваленце пры такіх тэмпах айчынная эканоміка дагоніць свой перадкрызісны ўзровень прыблізна праз паўстагоддзя – вынікае з гэтых лічбаў.

Без рэформаў будзе блага

Паводле аўтара гэтых выказванняў, дырэктара даследчага інстытуту Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова, праблема – у існай структуры эканомікі. Тыдзень таму, на кастрычніцкім форуме ў Менску, гэтую думку падтрымаў былы дарадца Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях, а цяпер – амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

«Нашыя эканамісты заточаныя не на рост эканомікі, а на захаванні яе структуры. Але калі эканоміка не расце, не дае дабавачны прадукт, тады за кошт чаго яе захоўваць? Адказ – просты, за кошт крэдытаў. Таму сёння нашыя эканамісты – проста прадаўцы дзяржаблігацыяў», – мяркуе Кірыл Руды.

Іншымі словамі, цяпер структура эканомікі такая, што 70 % усіх прадпрыемстваў – дзяржаўныя і працуюць пераважна ў мінус. Раней дзяржава падтрымлівала свае заводы за кошт замежных крэдытаў. Але іх набралі ўжо столькі, што ў бюджэце бракуе грошай на выплату адсоткаў за іх.

Цяпер урадоўцы масава выступаюць за рэформы: правесці прыватызацыю, перастаць субсідаваць дзяржаўны сектар і ўмешвацца ў працу прадпрыемстваў. Кіраўнік краіны на гэта адказвае то адно:

«Ведаю, што ва ўрадзе, у некаторых людзей бытуе меркаванне, што вось абавязкова рэформы, рэформы, рэформы. Я ўжо тысячу разоў казаў – усе рэформы мы правялі».

То, праз некалькі дзён, ужо адваротнае:

«Я гатовы да любых рэформаў. Самых жорсткіх, больш жорсткіх, чым МВФ сёння патрабуе. Пытанне ў іншым – ці гатовыя, вы да іх?»

Улады хочуць рэформаў, але баяцца наступстваў

Так, ці інакш, пасля васьмі гадоў размоваў пра рэформы, яны дагэтуль не праводзяцца. Чаму ўрад адмаўляецца ад рэформаў, патлумачыў нядаўна намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, раней – міністр эканомікі, Мікалай Снапкоў.

«Эфектыўнасць прыняцця рашэнняў эканамічнымі ўладамі краіны вызначаецца выбарам: выбарам на карысць найменшага негатыўнага ўплыву ў моманце, ці выбарам на карысць найбольшага эканамічнага развіцця ў будучыні», – зазначыў міністр.

Іншымі словамі, улады не ідуць на неабходныя змены, баючыся выклікаць сацыяльную незадаволенасць. Вынік гэтай палітыкі нядаўні памочнік Лукашэнкі сфармуляваў наступным чынам.

«Сённяшняе падзенне эканомікі – пры росце іншых краін блізкіх, ня толькі краіны СНД каля нас знаходзяцца, то гэта ўсё стварае непераадольнае адставанне на гады наперад, што адабʼецца на будучых пакаленнях», – даводзіў Кірыл Руды.

Са звестак даследчага інстытуту Міністэрства эканомікі, паводле долі высокіх тэхналогіяў у прамысловасці, Беларусь за апошнія 20 гадоў адстала ад развітых краінаў утрая. Паводле прадукцыйнасці працы, як вынік, – у 5–6 разоў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў