Пра што маўчыць магіла на гары Гедыміна?


Беларусь ускалыхнулі звесткі аб тым, што літоўскія археолагі знайшлі на гары Гедыміна парэшткі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Цалкам імаверна, што адзін з пахаваных шкілетаў належыць самому кіраўніку паўстання Кастусю Каліноўскаму.



З гэтым меркаваннем пагаджаецца гарадзенскі гісторык і даследчык гісторыі паўстання 1863 -1864 гадоў Аляксей Кайрыс, аднак пры гэтым зазначае, што на дадзены момант стоадсоткава гэтую тэорыю пацвердзіць нельга.

«У той час паўстанцаў звычайна хавалі ў невядомых месцах, каб іх магілы не сталі месцам паломніцтва. Сітуацыя з Каліноўскім паўтарылася. Каліноўскі быў знакавай фігурай у паўстанні на тэрыторыі Беларусі і Літвы і, хутчэй за ўсё, цела Каліноўскага разам з іншымі закапалі на тэрыторыі вайсковага гарнізона ды засыпалі целы вапнай, які на той час мясціўся на вежы Гедыміна. Проста з меры бяспекі, каб не ствараць месца паломніцтва спачуваючым паўстанню жыхарам Паўночна-заходняга краю. Пазней на гэтым месцы было зроблена нават пляцоўка для крыкету», – распавядае Аляксей Кайрыс.

Тэрыторыя гарнізона, на якой закопвалі целы паўстанцаў увесь час знаходзілася пад вартай, таму на працягу паўстагоддзя тэрыторыя была па-за доступам цывільных людзей.

«У часы першай сусветнай вайны, калі Вільня была занятая немцамі, актывізаваліся беларускія і літоўскія дзеячы, і на гэтым месцы былі праведзеныя раскопкі. Сапраўды, знайшлі косткі ды абутак. У той час яшчэ былі жывыя сведкі падзей паўстання, якія і сцвярджалі, што на гары Гедыміна закапвалі целы паўстанцаў, пакараных смерцю. Вельмі доўга гэта ўсё знаходзілася ў таямніцы. Зараз ізноў ідуць раскопкі, знаходзяць шкілеты са звязанымі рукамі. Гэта безумоўна паўстанцы, але, які шкілет належыць Каліноўскаму і ці рэальна гэта магіла Каліноўскага, нам не вядома», – каментуе гісторык.

Як «дакапацца» да праўды?

Даведацца ці сапраўды гэта магіла самага знакавага нацыянальнага героя ў гісторыі Беларусі магчыма, аднак патрабуе часу і значных фінансавых затрат, – тлумачыць спадар Аляксей.

«Трэба спачатку праводзіць вуглевадародны аналіз гэтых костак і ўпэўніцца, што яны менавіта перыяду паўстання. Калі пацвердзіцца гэтая тэорыя, то наступным крокам павінен быць аналіз ДНК. І, каб усталяваць, якія парэшткі з’яўляюцца парэшткамі Каліноўскага, нам проста прыйдзецца эксгумаваць парэшткі Віктара Каліноўскага – старэйшага брата Кастуся. Таксама трэба рабіць эксгумацыю парэшткаў бацькі Кастуся – Сымона Каліноўскага. Затым параўноўваць ДНК Каліноўскіх з ДНК шкілетаў з гары Гедыміна. І калі будзе супадзенне, то значыць адзін са шкілетаў – парэшткі Кастуся Каліноўскага».

Таксама даследчык зазначае, што на дадзены момант ніякіх дакументаў і ніякіх канкрэтных гістарычных сведчанняў пра тое, што менавіта на гары Гедыміна было закапана цела галоўнага паўстанца, не выяўлена.

«Яшчэ ў 1916-м годзе даследчык Студніцкі пісаў, што там толькі пахаваны паўстанцы. Ён не ўдакладняў, менавіта хто. Так што гэта для нашай гістарычнай навукі, для Беларусі і для беларусаў зараз вельмі вялікае і актуальнае пытанне. Усталяваць дакладнае месца пахавання нашага галоўнага нацыянальнага героя. Іншая справа, што гэта вельмі дорага, і ці не будзе гэта блюзнерствам, эксгумаваць парэшткі яго сваякоў?».

Мужная смерць

Вікенція Канстанціна Каліноўскага павесілі 10 сакавіка (22 сакавіка) 1864 г. у Вільні на Лукішскай плошчы. Як апісвалі потым сведкі, людзі былі ўражаныя мужнасцю маладога харызматычнага кіраўніка паўстання, які шукаў у натоўпе знаёмыя твары. Калі, падчас аб’яўлення прысуду, прагучалі словы «дваранін Каліноўскі», ён прамовіў : «У нас няма дваран. Усе роўныя».

«Калі казаць пра Каліноўскага, то гэта быў чалавек, які разумеў, што з ім будзе напрыканцы. Ён быў гатовы да смерці. У яго было вельмі шмат шанцаў з’ехаць за мяжу, але ён вырашыў, што будзе да канца змагацца, хоць і ўсведамляў, што паўстанне згасла. Колькі разоў расейскія імперскія ўлады прапаноўвалі яму супрацу, прапаноўвалі даць паказанні на сваіх паплечнікаў узамен на жыццё?! Нікога не здаў, распавядаў толькі ці пра забітых ужо ці пра тых хаўруснікаў, якія былі ўжо затрыманыя. Іншая справа, што Каліноўскі перадаў з турмы ўсім вядомыя «Лісты з-пад шыбеніцы», у якіх ён шчыра выказваўся наконт сітуацыі ў краі, наконт свайго стаўлення да «белых» палякаў, якія бачылі мэтай паўстання – аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. У «лістах з-пад шыбеніцы» Каліноўскі пакінуў свой запавет беларускаму народу. Вельмі актуальная па сённяшні дзень цытата – з «лістоў з-пад шыбеніцы»: «Народзе, толькі тады зажывеш шчасліва, калі маскаля над табою не будзе!», – распавядае пра апошнія хвіліны жыцця Каліноўскага Аляксей Кайрыс.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў