Павел Якубовіч – пра абаронцаў Курапатаў, «Белсат» і артыкул «Имя им – легион»


Інтэрв’ю belsat.eu з былым галоўным рэдактарам газеты Адміністрацыі прэзідэнта «СБ – Беларусь сегодня» Паўлам Якубовічам.

Сёння Аляксандр Лукашэнка замяніў кіраўнікоў дзяржаўных СМІ, у тым ліку прызначаны новы галоўны рэдактар «СБ – Беларусь сегодня». Замест Якубовіча, які кіраваў выданнем больш за 22 гады, пасаду заняў экс-гендырэктар БЕЛТА Дзмітры Жук.

Пра ўзрост і рэдакцыю «СБ»

– У маім узросце далей працаваць на такой пасадзе безгустоўна. Я старэйшы за ўсіх сваіх калег у два разы. Стала фізічна цяжка. СБ – вялізарная рэдакцыя: шэсць газет, радыёстанцыя, тэлебачанне, сайт. Кожны дзень рэдагаваць гэтыя шэсць газет (гаворка пра медыяхолдынг, – КА) цяжка ў мае гады. Я зычу кожнаму журналісту дасягнуць майго ўзросту і прапрацаваць столькі гадоў на гэтай супярэчлівай ніве. Рашэнне аб сыходзе не звалілася з неба ўчора.

Пра Курапаты

Нядаўна Павел Якубовіч заяўляў, што займаецца сборам сродкаў на стварэнне мемарыялу ахвярам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах. Ён ужо паспеў сказаць журналістам, што бліжэйшы час прысвяціць рэалізацыі гэтага праекта.

– Падчас працы ў «Народнай газеце» пад кіраўніцтвам Іосіфа Сярэдзіча я меў заданне пісаць пра Курапаты. Тады камуністычная грамадскасць пратэставала, а «Народная газета» фактычна была адзіным выданнем, якое змагалася за Курапаты. Цяпер я адчуў, што прыйшоў час сказаць рашуча пра Курапаты. Падчас другога круглага стала па тэме намеснік старшыні КДБ заявіў тое, што не гаварылася раней на такім узроўні: Курапаты – гэта месца расстрэлаў ахвяраў палітычнага тэрору сталінскіх часоў. Пасля я абвясціў, што збіраем грошы на мемарыял, і ўжо трошку сабралі.

Пра «Малады фронт»

У лютым 2017 года маладафронтаўцы на чале са Зміцерам Дашкевічам зладзілі намётавы лагер у Курапатах. Прадпрыемства «Белрэканструкцыя» збіралася пабудаваць там бізнес-цэнтр, але актывісты праз пратэст дамагліся адмены рашэння.

– Я заўсёды пазітыўна ставіўся да маладых людзей, якія адстойваюць нейкую сваю пазіцыю. Але не гвалтоўным шляхам. Я не Гандзі, але абіраю такі стыль паводзінаў. Я не шмат людзей адтуль ведаю… Дашкевіча, ягоную жонку, яшчэ некалькі асобаў. Тое, што адбылося ў Курапатах летась мяне страшна здзівіла. Зноў нейкія выдачы земляў, недарэчная будоўля. Побач з мемарыяльнымі могілкамі нельга дазваляць будаваць Бульбаш-холлы і нейкія надуманыя будынкі.

Што тычыцца начнога нападу на лагер абаронцаў у Курапатах, што здарыўся ў лютым мінулага году, Якубовіч гаворыць:

– Гэта была справа нейкага зацікаўленага боку. Бо калі б гэта зрабіў пераапрануты АМАП, то ўсіх бы проста звезлі разам з намётамі. Шчыра кажучы, калі б дзяржава, канкрэтна прэзідэнт, захацеў прыбраць адтуль лагер, то за 15 хвілін… і справе канец.

Пра артыкул «Имя им – легион»

У красавіку 2017 года, пасля таго, як КДБ арыштаваў дзясяткі чалавек па «справе патрыётаў», у газеце выйшаў прапагандысцкі артыкул «Імя ім – легіён». У тэксце прыводзіліся паказанні затрыманых, перададзеныя следствам. Ананімны аўтар апеляваў да «маральных асноваў» і пужаў чытача «украінскім сцэнаром», які, маўляў, «легіянеры» хацелі паўтарыць у Беларусі. Але пасля КДБ адпусціў частку затрыманых маладафронтаўцаў, а ўжо ў чэрвені на волю з СІЗА выйшлі ўсе фігуранты справы «Белага легіёну». КДБ перадаў справу ў Следчы камітэт, які 30 лістапада яе спыніў. Значыць, невінаватасць гэтых людзей прызнаная дзяржавай. Але ці варта чакаць выбачэнняў ад аўтараў артыкула?

– Скажыце, а «Імя ім – легіён» – гэта добры артыкул?

– А што значыць добры ці кепскі?

– Ён якасны? З пункту гледжання журналістыкі.

– Калі там прыведзеная нейкая інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці, то ёсць сэнс камусьці вярнуцца да гэтага… Калі б вы чыталі гэты артыкул, то гэтае пытанне вам не спатрэбілася б задаваць. Камусьці ён вельмі спадабаўся, камусьці вельмі не спадабаўся. Гэта як са справай «Рэгнума». Хтосьці іх лічыць вялікімі асветнікамі, іншыя – параджэннем пекла.

Пра «Белсат»

– І пра «Белсат» можна тое ж самае сказаць. Для кагосьці «Белсат» – ворагі чалавецтва проста, а хтосьці слухае з задавальненнем. Існуе вялікая амбівалентнасць у ацэнцы.

На наступныя пытанні карэспандэнткі belsat.eu Павел Якубовіч пагадзіўся адказаць «пры асабістай сустрэчы»:

– Я абсалютна не ўвіліваю, я адкажу на любыя вашы пытанні. Тое, што захочаце ад мяне пачуць – вы пачуеце. Але не па тэлефоне.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары