Па-за выбарчай гонкай: на наступны этап прэзідэнцкай кампаніі пераходзяць толькі 5 з 8 прэтэндэнтаў


Выбарчая кампанія – 2015 працягваецца, на наступны этап прэзідэнцкай гонкі пераходзяць толькі 5 з 8 прэтэндэнтаў, але і выбылыя з афіцыйнай барацьбы не лічаць гэта паразай.

Каб падвесці вынікі першага этапу прэзідэнцкай кампаніі, Аб’яднаная грамадзянская партыя сабрала прэсавую канферэнцыю ў Менску, з удзелам лідараў партыі. Адзін з асноўных мэсыджаў які прагучаў ад Анатоля Лябедзькі – АГП з самага пачатку расцэньвала гэтыя выбары як палітычную кампанію, праз якую можна працаваць з насельніцтвам, – распавесці аб праграме «Мільён працоўных месцаў», заклікаць да байкоту. Мэты ўдзельнічаць у галасаванні не стаяла, таму тое, што сабраць 100 тысяч подпісаў не атрымалася, партыю не турбуе.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

«Як працяг абранага вектару прадстаўнікі АГП збіраюцца зноў-такі збіраць подпісы ажно на трох кірунках: за праграму «Мільён працоўных месцаў», за адстаўку ўраду і за адстаўку старшыні выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая стала сімвалам несумленных выбараў».

Другі прэтэндэнт, які не змог сабраць дастатковай колькасці подпісаў, – лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін – мае менш аптымізму, бо ставіў задачу-максімум перамагчы ў выбарах. Але праз кампанію атрымалася зарабіць дадатковыя палітычныя балы.

Умоўная кандыдатка Жанна Раманоўская таксама сышла з дыстанцыі, сабраўшы ўсяго 780 подпісаў. У класічным выглядзе палітычную гонку працягваюць чацвёра прэтэндэнтаў без уліку дзейнага прэзідэнта. Гэта Мікалай Улаховіч, Сяргей Гайдукевіч, Віктар Цярэшчанка і Таццяна Караткевіч.

Прэтэндэнтаў, якіх зарэгіструюць у кандыдаты, можа стаць яшчэ менш. Цягам двух тыдняў тэрытарыяльныя выбаркамы будуць спраўджваць пададзеныя подпісы. Тым часам частка дэмакратычнай супольнасці, настойвае на тым, што ні адзін з прэтэндэнтаў не мог сабраць заяўленай колькасці подпісаў.

Алег Ражкоў, «Белсат»

Стужка навінаў