Оўбама працягнуў санкцыі супраць уладаў Беларусі за парушэнне правоў чалавека


Амерыканскі лідар падоўжыў штрафныя захады супраць уладаў Беларусі яшчэ на год. У Вашынгтоне мяркуюць, што дзеянні ўладаў Беларусі дагэтуль пагражаюць нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы Злучаных Штатаў і падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі.

Адпаведная заява размешчана ў звароце Оўбамы на афіцыйным сайце Белага дому.

Оўбама абвінавачвае беларускія ўлады ў «абсалютна недэмакратычных выбарах, а таксама ў парушэннях правоў чалавека і палітычных рэпрэсіях, якія ўключаюць затрыманне і знікненне людзей, і карупцыі, якая палягае, у прыватнасці, у нямэтавым выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці і злоўжыванні службовым становішчам».

Санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў-сябраў рэжыму Лукашэнкі былі ўведзеныя ў 2006 годзе яго папярэднікам Джорджам Бушам. Яны прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарона ім на ўезд у ЗША, забарона амерыканскім кампаніям мець з імі бізнес.

У чорным спісе знаходзяцца Аляксандр і Віктар Лукашэнка, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, а таксама кіраўнікі дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё.

Услед за ЗША, абмежавальны рэжым супраць Беларусі ўвёў Еўразвяз. Цяпер у еўрапейскім чорным спісе фігуруюць 201 грамадзянін Беларусі і 18 юрыдычных асобаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў