Больш чым 2,5 тысячам юрыдычных і фізічных асобаў забаранілі прадаваць уласнасць у амаль 2 тысячах кампаніяў


Урад РБ забараніў прадаваць долі і акцыі ў статутных фондах 1849 кампаніяў, акцыянерамі якіх выступаюць 2535 юрыдычных і фізічных асобаў з «нетаварыскіх» да Беларусі краінаў. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Саўміну № 54 ад 23 студзеня 2023 года, афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дом ураду ў Менску. Фота ІА / Белсат

28 студзеня афіцыйна апублікаваная пастанова № 54 ад 23 студзеня 2023 года, якой уносяцца змены ў дадатак да пастановы Саўміну РБ № 436 ад 1 ліпеня 2022 года «Об пераліку асобаў». У новай рэдакцыі пераліку змешчаныя звесткі, што датычаць 1849 кампаніяў з замежным капіталам, а таксама звесткі, датычныя 2535 юрыдычных і фізічных асобаў, якім забаронена прадаваць іхныя долі і акцыі ў статутных фондах пералічаных кампаніяў.

Указваецца і прычына такой забароны – удзельнікі (акцыянеры) пералічаных кампаніяў абвяшчаюцца «асобамі з замежных дзяржаваў, якія здзяйсняюць нетаварыскія дзеянні ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асобаў».

У пераліку ёсць як шырока вядомыя кампаніі, накшталт вытворцаў піва, так і невядомыя шырокаму колу. У «забаронным спісе» больш за ўсё ўласнікаў і акцыянераў беларускіх кампаніяў з Літвы, Кіпра, Польшчы, Нямеччыны і Латвіі.

Увогуле, паводле краінаў спіс юрыдычных і фізічных асобаў, маёмасць якіх трапіла пад забарону, выглядае так: Аўстрыя (60), Балгарыя (15), Бельгія (24), Брытанскія Віргінскія астравы (6), Вугоршчына (6), Вялікая Брытанія (122), Грэцыя (11), Нямеччына (226), Данія (11), ЗША (129), Ізраіль (1), Ірландыя (13), Іспанія (21), Італія (113), Канада (12), Кіпр (326), Латвія (206), Літва (428), Ліхтэнштэйн (2), Люксембург (24), Мальта (7), Нарвегія (11), Нідэрланды (87), Новая Зеландыя (2), Партугалія (3), Польшча (257), Румынія (7), Славаччына (24), Славенія (3), Фінляндыя (23), Францыя (48), Чэхія (73), Харватыя (3), Швейцарыя (90), Швецыя (23), Эстонія (118).

Апроч таго, тры пункты пастановы дасягальныя толькі для службовага карыстання, то бок засакрэчаныя.

Нагадаем, што 3 студзеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон № 239-3 «Аб пытаннях перадачы пад часовае вонкавае кіраванне», паводле якога змогуць забіраць маёмасць у адказ на нетаварыскія дзеянні краінаў, юрыдычных і фізічных асобаў. Закон афіцыйна апублікаваны 6 студзеня.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў