Зборная Беларусі па футболе – праблема для УЕФА


Прэзідэнт УЕФА Александэр Чэфэрын у сваім перадкалядным звароце да футбольнай грамадскасці Еўропы высока ацаніў унёсак арганізацыі, якую ён ачольвае, у развіццё футболу.

Зборная Беларусі па футболе. Ліга нацый УЕФА, Група K, напярэдадні гульні супраць зборнай Славакіі. Тапола, Сербія, 25 верасня 2022 г.
Фота: MARKO DJURICA / Reuters / Forum

Падводзячы вынікі года, славенец выказаў задавальненне вялікім поспехам жаночага «Еўра» ў Англіі, «яркага сямейнага свята, якое пабіла шмат рэкордаў». Адначасова сёмы прэзідэнт УЕФА зазначыў, што на Кангрэсе-2022 у Вене абвесцілі пра пашырэнне праграмы развіцця HatTrick, якая cкіроўвае даходы ад мужчынскіх «Еўра» на праекты ўсіх 55 асацыяцыяў – чальцоў УЕФА. І ў перыяд з 2024 да 2028 года гэтае фінансаванне павялічыцца на 21 %.

Але найбольш прыцягнулі ўвагу словы спадара Чэфэрына пра тое, што «сёлета грамадскае сэрца УЕФА б’ецца ва ўстойлівым рэжыме». «Выкарыстоўваючы фенаменальную папулярнасць і ўплыў футболу, мы павысілі дасведчанасць аб правах чалавека, экалагічных і сацыяльных праблемах, узначалілі кампаніі супраць дыскрымінацыі…» – працягнуў ён.

Пры гэтым ужо больш як два гады таму, 18 снежня 2020-га, Беларускі фонд спартовай салідарнасці скіраваў у ФІФА і УЕФА афіцыйныя заявы з просьбаю звярнуць асаблівую ўвагу на факты парушэння правоў спартоўцаў, супрацоўнікаў федэрацыі і журналістаў у беларускім футболе. У лістах паведамлялі пра шмат якія парушэнні Статуту УЕФА з боку АБФФ, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ды ціск на гульцоў і спартовых адмыслоўцаў за грамадзянскую пазіцыю». Адзначалася руйнаванне галоўнага прынцыпу як Міжнароднай федэрацыі футболу, гэтак і Звязу еўрапейскіх асацыяцыяў – неўмяшальніцтва дзяржавы ў справы футбольнай федэрацыі. Да Джанні Інфантына (прэзідэнт ФІФА) і Чэфэрына на гэта звярталася больш пільная ўвага, а рэагавалі на такія выпадкі ў структурах міжнароднага футболу значна больш жвава.

Цяпер УЕФА не надаў гэтай праблеме аніякай важнасці і сёлета Беларускі фонд спартовай салідарнасці вымушаны быў падаць справу на разгляд Міжнароднага спартовага суда ў Лазане. Але і адтуль больш як за паўгода аніякай афіцыйнай рэакцыі ў выглядзе хоць якога рашэння не дачакаліся.

Цяпер Еўрапейскі футбольны звяз давёў сітуацыю практычна да крытычнай.

Зборная Беларусі па футболе. Ліга нацый УЕФА, група K, Беларусь – Казахстан. Стадыён «Karađorđe», Нові-Сад, Сербія, 10 чэрвеня 2022 г.
Фота: NOVAK DJUROVIC / Reuters / Forum

Гісторык і публіцыст Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале зазначае: хоць зборная Беларусі і дапушчаная да кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату Еўропы – 2024 у адрозненне ад расейскай каманды, гэты ўдзел яшчэ да старту пагражае цэлым шэрагам міжнародных палітычных скандалаў.

Фрыдман піша, што першая ж гульня беларусаў – хатняя. Супернік – зборная Швейцарыі. УЕФА зацвердзіў дату і месца двубою: 25 сакавіка 2023 года. Стадыён «Karađorđe» горадзе Нові Сад у Сербіі. Лідары швейцарцаў Граніт Джака і Джэрдан Шакіры паводле паходжання – косаўскія албанцы. Зразумела, што яны не натхнёныя, мякка кажучы, ехаць у Сербію. І ці будзе швейцарскі бок настойваць на змене месца правядзення гульні, пакуль невядома. Быццам адзін бок палітычнага супрацьстаяння ўлічылі пры лёсаванні: развялі Сербію і Косава па розных групах, але іншага перакрыжавання нацыянальных інтарэсаў не прадумалі. Больш за тое, у чэрвені другі хатні матч беларусам трэба будзе згуляць акурат супраць Косава, якое таксама ў нашым адборачным секстэце. Прычым, як падкрэслівае Аляксандр Фрыдман, афіцыйны Менск незалежнасці Косава не падтрымлівае. І калі сустракацца на полі са зборнай гэтай балканскай краіны, яе існаванне фактычна давядзецца прызнаць. Магчыма, двубою, запланаванага на 19 чэрвеня, не ўдасца правесці ў Сербіі. Таму і лакацыя на сайце УЕФА дасюль не пазначаная. А тады дзе? На фоне вайны, што працягваецца ва Украіне, і ад таго яшчэ больш жорсткіх санкцыяў супраць Беларусі як суагрэсара, ці захоча ўвогуле хтосьці запляміцца прыёмам нацыянальнай зборнай нашай краіны? І калі рэжым Лукашэнкі, паводле спадара Фрыдмана, будзе яшчэ глыбей уцягнуты ў вайну, то зборную проста могуць зняць з турніру. Як на мяне, дык гэты варыянт найпрасцейшы для УЕФА, бо далей будзе яшчэ больш складана.

Як вядома, Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў яшчэ 3 сакавіка сёлета пастанавіў, што беларускія зборныя (нацыянальныя мужчынская і жаночая, моладзевая, юнацкія), а таксама клубныя каманды нашай дзяржавы як неафіцыйнай суўдзельніцы вайны ва Украіне павінныя праводзіць свае матчы пад эгідаю УЕФА на нейтральных стадыёнах і без гледачоў.

Прычым гэта было падаўжэннем санкцыяў супраць Беларусі. Яшчэ летась, у чэрвені 2021-га, з’явілася інфармацыя Беларускага фонду спартовай салідарнасці са спасылкаю на намесніка генеральнага сакратара УЕФА француза Кевін Лямур, што УЕФА перапыняе сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair» 23 траўня таго ж года. А значыць, ніякія спаборніцтвы пад эгідаю гэтай арганізацыі ў краіне праводзіцца не могуць. Адборачныя хатнія двубоі да чэмпіянату свету – 2022, што засталіся, зборная згуляла ў расейскай Казані. Але цяпер і ў Расеі дзеіць забарона на правядзенне афіцыйных міжнародных матчаў. Адзінаю, хто пагадзіўся прыняць Беларусь, засталася Сербія: у горадзе Нові Сад каманда пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева сёлета ўжо згуляла тры матчы Лігі нацыяў супраць Славаччыны, Азербайджану і Казахстану. Цяпер, як бачым, трэба тэрмінова шукаць замену.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў