Названа колькасць краінаў, у якія зараз лётае «Белавія»


Беларуская авіякампанія «Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы ў 21 аэрапорт 10 дзяржаў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, перадае «БелТА».

Самалёт «Белавіі» – Boeing 737-800.
Фота: belavia.by

Паводле словаў віцэ-прэм’ера, зараз флот пасажырскіх самалётаў авіякампаніі «Белавія» максімальна задзейнічаны па ўсіх адкрытых напрамках.

«Працягваецца праца па развіцці ўсходняга і паўднёвага напрамкаў палётаў для ажыццяўлення рэгулярных паветраных пасажырскіх перавозак. Рэгулярныя рэйсы выконваюцца ў 21 аэрапорт 10 дзяржаў», – сказаў ён.

Таксама Анатоль Сівак паведаміў, што з Расеяй падпісана міжурадавае пагадненне ў сферы паветранага транспарту аб спагнанні аэранавігацыйных і аэрапортавых збораў і тарыфаў. Рэалізацыя пагаднення дасць магчымасць з 1 студзеня 2025 года забяспечыць роўныя тарыфныя ўмовы пры аказанні паслуг аэрапортаў і аэранавігацыйных паслуг эксплуатантам самалётаў абедзвюх дзяржаў.

Тым часам кошты на авіяперавозкі, у тым ліку і пасажырскія, могуць знізіцца для Беларусі ў 2025 годзе. Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч.

На кошт авіябілетаў для пасажыраў паўплывае падпісанае ў чэрвені гэтага года Міністэрствамі транспарту Беларусі і Расеі пагадненне аб рэгуляванні збораў і тарыфаў для авіяцыйных перавозчыкаў.

«Пагадненне набывае моц з 1 студзеня 2025 года, яно дасць нашаму нацыянальнаму авіяперавозчыку магчымасць павялічыць палёты ў Расею. Бо сёння мы знаходзімся ў няроўных умовах, тарыфы адрозніваюцца ў некалькі разоў па тэрыторыі Расеі», – сказаў Ляхновіч.

Таксама з уступленнем пагаднення ў сілы будуць выраўнаваныя тарыфы на палёты для беларускага нацыянальнага авіяперавозка праз расейскую тэрыторыю ў трэція краіны. У першую чаргу гаворка ідзе аб Турцыі і Егіпце, дадаў міністр. Між тым Ляхновіч патлумачыў, чаму «Белавія» не лятае ў далёкія рэгіёны Расеі і выконвае менш перавозак – кампанія не можа прапанаваць канкурэнтнага тарыфу.

Hавiны
Авіяэксперт пра чарговыя санкцыі ў адносінах «Белавіі»: Гэта вельмі моцна ўдарыць па авіякампаніі
2021.12.06 22:43

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў