Міністэрства фінансаў паведаміла, што Беларусь зноў ажыццявіла выплаты за еўрааблігацыі ў беларускіх рублях. Папярэднія выплаты, якія таксама былі зробленыя ў беларускіх рублях за еўрааблігацыі, былі прызнаныя міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі дэфолтам.
Мінфін заявіў, што прычынаю аплаты ў рублях стала «няздольнасць заходняй разлікова-клірынгавай інфраструктуры забяспечваць давядзенне выплатаў да ўсіх трымальнікаў еўрааблігацыяў Рэспублікі Беларусь», а таксама санкцыі, уведзеныя супраць Нацбанку Беларусі.
«Чарговая выплата адсоткавага даходу па еўрааблігацыях Рэспублікі Беларусь Belarus-2026 і Belarus-2031 у агульнай суме 38,6 млн долараў ЗША ў эквіваленце праведзена 24.08.2022 у поўным аб’ёме ў адпаведнасці з раней прынятым часовым парадкам выканання вонкавых дзяржаўных абавязацельстваў», – заявілі ў Мінфіне.
Таксама ў міністэрстве дадалі, што «плацеж ажыццёўлены на рахунак сродкаў у замежнай валюце шляхам пералічэння на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ «ААБ Беларусбанк» у беларускіх рублях».
Алена Рувіна belsat.eu