У Брытаніі прыдумалі, як вярнуць Джонсана ва ўладу і не раскалоць кансерватараў


Былы прэм’ер Борыс Джонсан можа паспрабаваць вярнуцца ў дом 10 на Даўнінг-стрыт, але гэта можа раскалоць Кансерватыўную партыю. Ён пакуль не выстаўляў сваю кандыдатуру, ды правёў перамовы з адным з галоўных канкурэнтаў – былым міністрам фінансаў Рышы Сунакам. Магчыма, яны на нешта дамовіліся.

Борыс Джонсан, колішні прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі. 14 чэрвеня 2021 года.
Фота: Number 10 / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Прэм’ер-міністарка Злучанага Каралеўства Ліз Трас падала ў адстаўку 20 лістапада, прабыўшы на пасадзе рэкордна кароткі тэрмін: 44 дні. Яна анансавала новыя выбары цягам тыдня з гэтай заявы. Выбары будуць не наўпроставымі і ўсеагульнымі: Кансерватыўная партыя, якая цяпер ва ўладзе ў Вялікай Брытаніі, будзе выбіраць сабе новага лідара, які і стане наступным прэм’ерам.

Механізм выбараў будзе такі: кандыдатам трэба заручыцца падтрымкай не менш як 100 дэпутатаў-кансерватараў (агулам такіх 365) → калі будзе больш за два кандыдаты, то дэпутаты галасуюць за найлепшага, кандыдат з найменшай колькасцю галасоў выбывае → шараговыя чальцы Кансерватыўнай партыі (іх звыш 172 тысяч) выбіраюць між двума кандыдатамі на онлайн-галасаванні.

На момант публікацыі кандыдатуры выставілі лідарка Палаты грамадаў і лорд-старшыня Рады Пэні Мордант і былы міністр фінансаў Рышы Сунак. Іншыя кандыдаты могуць выставіць кандыдатуры да 14 гадзінаў дня 24 кастрычніка.

Пакуль не выстаўляў кандыдатуру былы прэм’ер-міністр Борыс Джонсан – папярэднік Трас, які ў чэрвені сышоў у адстаўку ў выніку скандалаў з вечарынамі ў часе локдаўну і аднапартыйцам, якога абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях да мужчынаў. Пры тым частка дэпутатаў ужо падтрымалі кандыдатуру Джонсана (Сунак мае большую падтрымку, Мордант – меншую).

Аналітыка
Борыс Джонсан вяртаецца? Хто можа зрабіцца новым брытанскім прэм’ер-міністрам
2022.10.21 17:36

Ды праблема з кандыдатурай Джонсана ў тым, што ён папулярны сярод чальцоў Кансерватыўнай партыі (больш за Сунака ці Мордант), але не папулярны агулам па краіне. Паводле апытання «YouGov», 43 % брытанцаў лічаць, што Сунак добра справіцца з працай прэм’ера, 40 % – што кепска, адносна Джонсана – 34 % за «добра справіцца» і 56 % за «кепска», адносна Мордант – 26 % за «добра» і 35 % за «кепска».

Яшчэ адна праблема – што супраць Джонсана вядзецца расследаванне: падазраюць, што ён свядома схлусіў перад парламентам аб тым, што не ведаў пра вечарыны ў сваім офісе падчас локдаўну. Гэтае расследаванне можа прывесці да адклікання мандату Джонсана.

Усё гэта можа прывесці да расколу ў партыі, калі Джонсан стане ейным лідарам. Міністр у справах Паўночнай Ірландыі Стыў Бэйкер, які падтрымлівае Сунака, заявіў, што вяртанне Джонсана ў прэм’ерскае крэсла будзе «гарантаванай катастрофай».

Ранкам 23 кастрычніка Джонсан і Сунак праводзілі перамовы. Што яны абмяркоўвалі, невядома. Пасля гэтых перамоваў Сунак выставіў кандыдатуру.

Брытанскі дэпутат Рышы Сунак на сустрэчы з супартыйцамі. 26 жніўня 2022 года. Норвіч, Вялікая Брытанія.
Фота: Rishi Sunak / Twitter

Адзін з саюзнікаў Сунака расказаў «The Telegraph», што Джонсан мусіць пагадзіцца на ролю міністра замежных справаў пры прэм’еры Сунаку, бо Джонсан мае добрую міжнародную рэпутацыю, у тым ліку дзякуючы падтрымцы Украіны, а ў Сунака будзе замала часу на міжнародныя справы праз шматлікія «хатнія» праблемы з эканомікай. Той жа «The Telegraph» сцвярджае, што Мордант адмовілася зняць сваю кандыдатуру на карысць Джонсана.

Ці праўда між Джонсанам і Сунакам ёсць такая дамоўленасць, невядома. Але такая дамоўленасць у тэорыі можа задаволіць і чальцоў кансерватыўнай партыі, якія любяць Джонсана, і астатніх брытанцаў, якія ў бальшыні не хочуць вяртання Джонсана ў прэм’ерскае крэсла.

Разбор
Трас прабыла прэм’еркай Брытаніі ўсяго 44 дні. Чаму сышла, і што далей?
2022.10.20 19:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў