У Вільні загінуў былы ваяр палка Каліноўскага. Яго знайшлі з нажом у сэрцы


Пра смерць былога добраахвотніка радыё «Свабода» распавялі тры крыніцы. Інцыдэнт адбыўся ў кватэры іншага экс-ваяра палка Каліноўскага. Яго затрымалі.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі ваяра. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Здарэнне адбылося ў Вільні 18 снежня. У той дзень у кватэры, якую з жонкай здымае экс-каліновец, гасцяваў іншы былы добраахвотнік. У нейкі момант каліноўцы апынуліся ў асобным пакоі, каб пра нешта паразмаўляць. У выніку госця знайшлі ў гэтым пакоі мёртвым з нажом у вобласці сэрца.

Гаспадара кватэры затрымалі на месцы здарэння.

У паліцыі пацвердзілі факт здарэння. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цела грамадзяніна Беларусі з колата-рэзанай ранай у вобласці грудной клеткі было знойдзенае каля гадзіны ночы 18 снежня ў адным з жылых дамоў Вільні.

Затрыманы пакуль у статусе падазраванага. Расследаванне вядзецца паводле артыкулу «Забойства».

Асацыяцыя беларускіх ветэранаў у сваім Telegram-канале паведаміла, што «ў Літве з адным з нашых байцоў адбылося няшчасце». Там заклікалі медыі не займацца распаўсюджваннем чутак.

«Паліцыя вядзе расследаванне. Сям’я байца і яго пабрацімы просяць СМІ праявіць павагу і прафесійную этыку і не займацца распаўсюджваннем неправераных чутак. Як толькі будзе магчымасць апублікаваць праўдзівую інфармацыю, мы пра гэта адразу ж паведамім», – адзначана ў паведамленні.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў