Салат сёлета ў Беларусі будзе самым дарагім. Як «Індэкс аліўе» ў разы абагнаў інфляцыю


«Індэкс аліўе» ад «Белсату» сёлета паказаў найвышэйшы рост коштаў за ўсе часы назірання за цэнамі на складнікі найпапулярнейшага навагодняга салату. І гэты рост нашмат вышэйшы за афіцыйную інфляцыю ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

«Белсат» складае «Індэкс аліўе» з 2018 года. У ім мы ацэньваем змены выдаткаў беларусаў на прыгатаванне салату – тую інфляцыю, якую на сабе могуць адчуць звычайныя беларусы. І гэты год паказаў самы высокі рост цэнаў на навагодні салат.

Сёлета, як і раней, мы «гатавалі» салат паводле стандартнага рэцэпту, што месціць 4 бульбіны, 2 морквы, 500 грамаў «Доктарскай» каўбасы, 5 курыных яек, 4 марынаваныя агуркі, бляшанка кансерваванага гароху і 200 грамаў маянэзу. Як і заўсёды, мы параўноўвалі цэны на раніцу 18 снежня ў папулярнай сярод беларусаў онлайн-краме з дастаўкай. Як і заўсёды, мы бралі тыя харчы, што і раней. Калі ж іх не было, то намагаліся абіраць прадукты, што выглядаюць найбольш блізкімі паводле характарыстык.

Раней лідарам паводле росту цэнаў быў якраз 2018 год – тады складнікі аліўе выраслі ў цане на 11,3 %. У 2019 годзе салат стаў даражэйшым толькі на 0,44 %, а ў 2020-м – на 6,1 %. У 2021 годзе салатная інфляцыя склала 9,94 %. А ў 2022-м кошт прыгатаванне нават зніжаўся – на 4,45 %.

А вось сёлета салат аліўе ў Беларусі падаражэў ажно на 15,93 %. Гэта рэкорд нашага рэйтынгу. І фактычна ў тры разы больш за афіцыйную інфляцыю. Паводле Белстату, у лістападзе гадавая яна склала толькі 5,4 %. А прадукты, хоць і падаражэлі больш – на 6,1 %, усё адно не дацягваюць да «Індэксу аліўе».

Пры гэтым падаражэлі не ўсе складнікі. Напрыклад, морква патаннела на 9,31 %, яйкі – на 3,85 %, бульба – на 1,11 %, а марынаваныя агуркі – на 0,48 %. Разам з тым рост коштаў варанай каўбасы (на 7,42 %), гароху (на 61,27 %) і маянэзу (на 67,15 %) спрычыніўся да істотнага падаражэння выніковага салату. Агулам ён сёлета каштуе 17 рублёў 75 капеек, што на 2 рублі 44 капейкі больш, як летась.

У параўнанні з 2017 годам прыгатаванне салату аліўе падаражэла на 44,37 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тым не менш, калі купляць самыя танныя прадукты, салат можна зрабіць танней на 5 рублёў 23 капейкі. І ў такім разе ён будзе нават меней каштаваць за самы танны салат – леташні, праўда, толькі на 4 капейкі.

Незразумелы маянэз

Што цікава, афіцыйная статыстыка не заўважыла падаражэння ні маянэзу, ні гароху за мінулы год. Гэтак, паводле Белстату, у лістападзе 2023 года маянэз у Беларусі каштаваў на 6,63 % менш, як у лістападзе 2022 года. Гарох (разам з фасоляю) за гэты ж час патаннеў яшчэ больш – на 16,5 %. Пры гэтым нашыя звесткі паказваюць, што падаражэў не толькі маянэз з нашага звычайнага спісу (на 67,15 %), але і яго самы танны аналаг – на 56,2 %. А вось самы танны гарошак сапраўды патаннеў, праўда, толькі на 4,96 %.

Прычыны такога разыходжання ў кошце маянэзу застаюцца невядомыя. Апытаныя «Белсатам» эксперты не здолелі гэтага патлумачыць. Апошнім часам у суседняй Расеі назіраецца моцны рост коштаў на яйкі, якія ўваходзяць у склад згаданага соусу. Аднак маянэз з нашага аналізу належыць да беларускай, а не расейскай вытворчасці, а кошты на яйкі, нават паводле нашых звестак, у Беларусі за год знізіліся.

Агулам жа найлепшым супадзенне «Індэксу аліўе» і афіцыйнай інфляцыі было ў 2021 годзе. Тады розніца паміж паказнікамі складала толькі 0,03 адсоткавыя пункты.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў