Суд прызнаў парушэннем правоў чалавека прымусовае вяртанне мігрантаў у Беларусь польскай памежнай аховай


У Ваяводскім адміністратыўным судзе Беластоку 18 студзеня разглядалася скарга грамадзяніна Сірыі, які нелегальна перайшоў беларуска-польскую мяжу ў траўні 2023 года, быў затрыманы польскай Памежнай аховай і адпраўлены назад на мяжу.

Польская паліцыя на мяжы з Беларуссю. 19 лістапада 2021 года.
Фота: podlaska Policja / Twitter

Суд у Беластоку прызнаў дзеянні Памежнай аховы па вяртанні сірыйца на мяжу неэфектыўнымі. Гэтае не першае падобнае рашэнне ў гэтай справе.

Сірыец, які падаў скаргу на польскую Памежную ахову, а менавіта – на каменданта аддзялення ў Белавежы, цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. 16 траўня 2023 года ён быў затрыманы на тэрыторыі Польшчы і вернуты на польска-беларускую мяжу пасля таго, як высветлілася, што ў Польшчы ён знаходзіцца нелегальна.

Сам сірыец распавядаў, што мяжу ён перайшоў у групе з шасці чалавек, таксама грамадзянаў Сірыі. Яны змаглі пералезці праз стальны плот дзякуючы драбінам, якія набылі на беларускім баку мяжу, заплаціўшы за іх па 100 долараў з чалавека.

На польскім баку групу хутка затрымала памежная ахова. Пасля праверкі пашпартоў іх на аўтамабілі завезлі назад на мяжу і прымусілі вярнуцца ў Беларусь.

У матэрыялах справы згадваецца таксама ўжыванне газу і «прадмету, які нагадвае дубінку» і што памежнікі не рэагавалі на просьбы мігрантаў не вяртаць іх у Беларусь, а таксама тлумачэнні, што яны ўцяклі з краіны, дзе ідзе вайна. Сірыйцам таксама нібыта не далі ніякіх дакументаў, яны нічога не падпісвалі, іх не завезлі ў аддзяленне памежнай аховы.

Hавiны
Каля Менску затрымалі мігрантаў, якія заехалі ў Беларусь з Расеі
2024.01.10 10:35

Памежная ахова дамагалася адхілення скаргі. На аповед сірыйца прадстаўнікі памежнай аховы казалі, што гэтыя словы не пацверджаныя ніякімі доказамі.

Аднак Ваяводскі адміністратыўны суд у Беласток прызнаў, што скарга мае падставы, пададзеная своечасова. Суддзя Эльжбэта Трыкошка распавяла, што ў распараджэнні суду было апісанне падзеяў ад самога сірыйца, заява ягонага прадстаўніка, а таксама рапарт Памежнай аховы ад 16 траўня, у якім гаворыцца пра затрыманне цягам содняў 75 замежнікаў, у тым ліку – сірыйцаў, у ваколіцах Белавежы. Таксама пад увагу былі ўзятыя зместы размоваў сірыйца, які падаў скаргу, з іншымі мігрантамі ў мэсенджары на тэму перасячэння мяжы. Суд прызнаў, што сірыйцу можна верыць і што вяртанне яго на мяжу з Беларуссю праз памежную ахову насамрэч мела месца.

Аб’ектыў
Эфектыўнасць сцяны на мяжы не перавышае 60 %
2024.01.03 20:43

Суд пастанавіў, што распараджэнне аб вяртанні мігранта на мяжу з Беларуссю парушае Канстытуцыю Польшчы, а менавіта – пункты, якія датычаць замежнікаў, а таксама Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Жэнеўскую канвенцыю.

«Усе гэтыя агульныя правілы, Канстытуцыя, міжнародныя дамовы, былі парушаныя абскарджаным дзеяннем, таму суд прызнаў неэфектыўнасць тых дзеянняў», – рэзюмавала суддзя.

Разгляд скаргі сірыйца 18 студзеня – не першы, які датычыў справаў прымусовага вяртання мігрантаў на польска-беларускую мяжу.

Прысуд не ўступіў у сілу. На яго можна падаць скаргу ў Вышэйшы адміністратыўны суд.

Hавiны
Колькі мігрантаў сёлета спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў ЕЗ і які кірунак самы папулярны
2023.12.16 16:07

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ пачаў развівацца ўвесну 2021 года і дасягнуў апагею ў лістападзе таго ж году, калі натоўп мігрантаў быў гатовы амаль штурмам узяць польскую мяжу. Пасля таго, як Польшча адмовілася іх упускаць, тысячы грамадзянаў усходніх краінаў захраслі на беларускім баку мяжы. Большая частка з мігрантаў была з Іраку, куды яны паступова вярнуліся адмысловымі авіярэйсамі.

На працягу двух гадоў амаль штодня фіксуюцца спробы незаконнага перасячэння мяжы невялікімі групамі.

Польшча і Літва ўзвялі металічныя платы на мяжы з Беларуссю, каб перадухіліць міграцыйны крызіс, які Еўразвяз назваў гібрыднай агрэсіяй з боку беларускіх уладаў. Афіцыйны Менск у сваю чаргу рэгулярна абвінавачвае ЕЗ у жорсткасці да мігрантаў, якіх сумежныя краіны выцясняюць на беларускую тэрыторыю.

На мяжы з абодвух бакоў неаднакротна знаходзілі целы памерлых мігрантаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў