Прапанаваць меры па скарачэнні патоку людзей, якія перасякаюць мяжу з Беларуссю, даручыла ведамствам Літвы 15 снежня на пасяджэнні ва ўрадзе Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ), паведамляе партал Delfi са спасылкай на Нацыянальны цэнтр крызіснага кіравання (НЦКУ).
Задача выпрацаваць «меры па скарачэнні транспартных і пасажырапатокаў праз мяжу з Беларуссю» была пастаўлена пасля «ацэнкі інфармацыі службаў бяспекі». Прадставіць прапановы плануецца на наступным пасяджэнні КНБ – у студзені 2024 года.
Паводле інфармацыі партала, Літва ацэньвае сітуацыю з бяспекай на мяжы з Беларуссю «на аснове сістэмы індыкатараў, зацверджанай НЦКУ і КНБ у верасні гэтага году». Гэтая сістэма «ўключае ў сябе ацэнку пагроз і рызык па шырокім спектры», уключаючы «пагрозы ваеннага характару, дзейнасць беларускіх разведак і спецслужбаў, інфармацыйныя атакі на Літву» і іншага.
Паводле звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Беларусі на 11 снежня, з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ўезду для жыхароў суседніх краін Балтыі (15 красавіка 2022 года) краіну наведалі 487 927 грамадзян Літвы, у тым ліку з пачатку 2023 года – 239 664.
Улады балтыйскіх дзяржаў і Польшчы неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не ездзіць у Беларусь з меркаванняў бяспекі.
СП, belsat.eu