«Нават праказа здзівіла б менш». Навуковец патлумачыў, чаму цынга ў Латыпава – жахліва


Палітвязень Сцяпан Латыпаў захварэў цынгой. Гэтая хвароба прыводзіць да пакутлівай смерці, калі цела літаральна руйнуецца, а яе з’яўленне – яшчэ адно сведчанне таго, што беларускія месцы пазбаўлення волі сапраўды жудасныя. Вучоны-хімік Сяргей Бесараб патлумачыў, чаму цынга ў 21 стагоддзі – гэта абуральна.

Сцяпан Латыпаў раздае кветкі дзеўчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: VS / Facebook

Сцяпан Латыпаў знаходзіцца ў магілёўскай турме №4. Да арышту 15 верасня ён жыў на «плошчы Пераменаў» і спрабаваў абараніць мурал з «дыджэямі пераменаў». У жніўні 2020 года менчукі маглі бачыць Сцяпана на вуліцах гораду з ахапкамі кветак – ён раздаваў іх жанчынам. Гэтага чалавека проста цяпер забіваюць жудаснай смерцю.

«Малады квітнеючы хлопец памірае ад цынгі»

«Навіна, што палітвязень Сцёпа Латыпаў у турме хварэе цынгой. ЦЫНГА (!!!) У першай чвэрці 21 стагоддзя, у краіне якая яшчэ ўчора прэтэндавала на званне IT-шнага раю, запускала касмічныя спадарожнікі і спрабавала Будаваць АЭС.

Для тых хто не ў курсе. Цынга – гэта захворванне звязанае з недахопам у арганізме вітаміну С (аскарбінавай кіслаты). Чалавек, у адрозненне ад некаторых жывёлаў гэты вітамін сінтэзаваць не ў сілах. Вітамін С не толькі дапамагае засвойваць жалеза з ежы, але, што важней за ўсё, удзельнічае ў сінтэзе калагену», – абураецца Сяргей Бесараб.

Ён тлумачыць, што калаген – гэта асноўны будаўнічы бялок у арганізме чалавека.

«Калі парушаны яго сінтэз, то пачынаюць разбурацца крывяносныя пасудзіны, храсткі, мышцы. Любыя органы дзе прысутнічае злучальная тканіна. Капіляры становяцца далікатнымі, зʼяўляюцца ўнутраныя кровазліцця, косці пачынаюць лёгка крышыцца і ламацца, рэцыдывуюць пераломы, якія зажылі. Расхістваюцца і выпадаюць зубы. Перастаюць гаіцца раны. У выніку цынга практычна заўсёды прыводзіць да пакутлівай смерці.

Для таго каб выявіліся сімптомы цынгі, Вітамін С павінен цалкам адсутнічаць у рацыёне хоць бы некалькі месяцаў. Адным з дасягненняў цывілізацыі можна лічыць тое, што цынга практычна цалкам выкаранена, здавалася, што яна засталася толькі ў фільмах пра піратаў.

Вітамін С як самы просты і дзейсны антыаксідант (дабаўка якая перашкаджае акісленню прадуктаў) дадаецца практычна ва ўсё. Пачынаючы з дзіцячага харчавання, і заканчваючы некаторымі лекамі для старых. Гэта значыць вітамін С – практычна ўсюдыісны. Ён ёсць нават у самых танных гародніне накшталт бульбы і капусты, ён ёсць у хваёвай ігліцы, нават у траве на вуліцы, чорт пабяры, ён ёсць. Пачуць цяпер “хварэюць цынгой” – гэта нешта падобна таму, каб убачыць жывога дыназаўра на вуліцы.

І вось адкрываеш беларускія навіны і чытаеш, што малады квітнеючы хлопец, альпініст і дайвер, памірае ад цынгі. Нават слова “праказа” або “чума” здзівілі б мяне менш.

Божа, што там наогул дзеецца, у гэтым праклятым пекле. Як такое ў прынцыпе магчыма? Што будзе наступным, навіна пра “іспанскі бот” або газавыя камеры?», – абураецца Сяргей Бесараб.

З моманту затрымання Сцяпан Латыпаў дзевяць месяцаў знаходзіўся ў СІЗА, дзе яго збівалі, катавалі і мучылі. 16 жніўня 2021 года яго пакаралі 8,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафам у 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ў» арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх«», супраціве супрацоўніку міліцыі або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак«, а таксама ў»махлярстве, учыненым арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры«.

Прысуд вынес суддзя Аляксандр Воўк, пракурорам быў Уладзімір Рабаў.

Сцяпан Латыпаў не прызнаў віны ні па адным эпізодзе.

Hавiны
На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі калоніі Сцяпан Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вены
2022.09.12 19:56

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў