Сцяпан Латыпаў у зняволенні захварэў на цынгу


Сцяпан Латыпаў, які цяпер адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4, захварэў на цынгу – хваробу, якая з’яўляецца ад нястачы вітаміну С.

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com

Пра хваробу, якую знайшлі ў Сцяпана Латыпава, журналістам выдання «Позірк» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Са словаў суразмоўцы выдання, Латыпаў скардзіцца на тое, што ён не атрымлівае належнай медычнай дапамогі і яму не перадаюць лекаў.

Цынга – хвароба, якая развіваецца ў чалавека на фоне дэфіцыту вітаміну С (аскарбінавай кіслаты). Характарызуецца кроватачывасцю дзяснаў, сухасцю  скуры, кровазліццём у сустаўныя поласці, расхістваннем зубоў.

Сцяпан Латыпаў быў асуджаны на 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафаваны на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў). 15 верасня 2022 года судом Івацэвіцкага раёну ён быў пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на два гады, пасля этапаваны ў магілёўскую турму №4.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў