Выйграць час, залізаць раны. Чаму Расея раптам захацела перамоваў з Украінай


Улады Расеі ўсё больш гавораць пра неабходнасць перамоваў з Украінай. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, заходнія саюзнікі таксама падштурхоўваюць Кіеў да пачатку перамоўнага працэсу. Аднак ці гатовыя ўкраінскія ўлады да гэтага? Ды і для чаго самой Маскве патрэбныя гэтыя перамовы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у акулярах падчас наведання навучальнага цэнтру Заходняй вайсковай акругі для мабілізаваных рэзервістаў у Разанскай вобласці, Расея. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Пра неабходнасць перамоваў з Кіевам улады РФ пачалі гаварыць у пачатку лістапада – напярэдадні адводу расейскіх войскаў з Херсону. 7 лістапада пра тое, што Расея адкрытая да перамоваў з Украінаю, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. На наступны дзень ужо намеснік міністра замежных справаў Андрэй Рудэнка адзначыў, што Масква не ставіць папярэдніх умоваў для мірных перамоваў. Паводле яго, галоўнае, «каб Украіна праявіла добрую волю».

Пры гэтым абодва панаракалі, што «Украіна прыняла закон, які забараняе ёй весці мірныя перамовы з Расеяй». Хоць ва ўказе Уладзіміра Зяленскага гаворыцца толькі пра немагчымасць «правядзення перамоваў з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі У. Пуціным».

Hавiны
«Мы не лядоўня». Сакратар РНБУ Данілаў выключае замарожванне вайны пасля ўзяцця Херсону
2022.11.12 12:27

9 лістапада афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла пра гатовасць да перамоваў «з улікам тых рэаліяў, якія складваюцца на гэты момант». Пры гэтым таксама выставіла ўмову: заходнія саюзнікі павінны перастаць «напампоўваць кіеўскі рэжым рознымі сістэмамі ўзбраенняў, тым самым заахвочваючы яго на працяг баявых дзеянняў».

Характэрна, што раней у Расеі ставілі Украіне канкрэтныя ўмовы для пачатку перамоваў. Гэтак, у сакавіку міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў заяўляў, што перамовы могуць пачацца толькі пасля яснасці ў развязанні ключавых пытанняў Данбасу, «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі» Украіны. У траўні ён жа высмеяў заявы Зяленскага пра тое, што перамовы «павінны адбыцца без якіх-кольвек пасярэднікаў і толькі пасля таго, як Украіна адновіць пад сваім кантролем тэрыторыі на стан 23 лютага».

А ў канцы жніўня старшыня камітэту Дзяржаўнай думы ў міжнародных справах і лідар ЛДПР Леанід Слуцкі назваў умовы перамоваў: безумоўная капітуляцыя Украіны, якаснае скарачэнне ёю сваіх узброеных сілаў і «поўная безумоўная дэнацыфікацыя». Праўда, з таго часу Украіна ўжо вызваліла значныя тэрыторыі на ўсходзе і поўдні краіны, таксама напады зазналі Крымскі мост і Чарнаморскі флот РФ.

Словаў недастаткова

У Кіеве нечаканую міралюбнасць Крамля не ацанілі. Гэтак, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў назваў абсурднымі заклікі спыніць вызваленне захопленых украінскіх тэрыторыяў і пачаць перамовы з Расеяй. На ягоную думку, перадумоваю для перамоваў будзе поўны вывад расейскіх войскаў з Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каманда добраахвотнікаў бярэ ўдзел у трэнаванні перад адпраўленнем на фронт. З пачатку вайны ва ўкраінскае войска ўступілі больш за 100 тысяч добраахвотнікаў. Кіеў, Украіна. 15 кастрычніка 2022 года.
Фота: Metin Aktas / Anadolu Agency / abacapress.com

А спікер украінскага МЗС Алег Ніколенка характарызаваў заявы Расеі як «дымавую заслону» для таго, каб выйграць час і паспрабаваць змяніць сітуацыю на сваю карысць. Паводле яго, «расейскія чыноўнікі пачынаюць успамінаць пра перамовы кожны раз, калі расейскія войскі зазнаюць паразу на полі бою». У сваю чаргу, саветнік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк лічыць, што Расея саспее да перамоваў толькі «пасля вызвалення Данецку ці Луганску».

Ды і сам Зяленскі адзначыў, што Пуцін яшчэ «дакладна не стаміўся ад вайны», а ўсяго толькі мае патрэбу ў паўзе:

«Каб спыніць вайну, выведзіце войскі, перастаньце забіваць людзей… Яны павінны скампенсаваць нанесеную шкоду, і злачынцы павінны сесці. Словаў надта мала».

Кіраўнік украінскай дзяржавы таксама сказаў, што не зачыніў дзвярэй для перамоваў з РФ, але пройдуць яны ўжо з іншаю Расеяй.

А што саюзнікі?

Разам з тым, паводле крыніцаў «NBC News», заходнія палітыкі ўсё часцей мяркуюць, што ні Украіна, ні Расея не здолеюць перамагчы ў вайне, таму разглядаюць будучую зіму як момант для пачатку дыпламатычных перамоваў паміж бакамі. З падобнаю заяваю выступіў і старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі, заявіўшы пра «акно магчымасцяў» узімку  для пачатку перамоваў паміж Украінай і РФ.

4 лістапада газета «The Washington Post» паведаміла, што адміністрацыя Джо Байдэна заклікае ўлады Украіны заявіць пра гатовасць да перамоваў з Расеяй. Паводле інфармацыі газеты, Белы дом хоча, каб Кіеў адмовіўся ад прынцыпу невядзення перамоваў з Масквою, пакуль Расею ўзначальвае Пуцін. Аднак робіцца гэта нібыта не для таго, каб падштурхнуць Украіну да перамоваў з Расеяй, а каб забяспечыць падтрыманне Кіева з боку тых краінаў, якія асцерагаюцца зацягвання баявых дзеянняў і стаміліся ад вайны. Крыніцы выдання мяркуюць, што Зяленскі пойдзе на перамовы ўвесну, але перад гэтым паспрабуе «зафіксаваць як мага больш вайсковых поспехаў».

Аналітыка
Маск «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Кіеў. Разбіраемся, што стаіць за яго заявамі пра мір ва Украіне
2022.10.15 12:00

Як удакладняе «Politico», падштурхоўванні адміністрацыі прэзідэнта ЗША ўжо змякчылі пазіцыю Зяленскага адносна таго, што мірныя перамовы з Расеяй не могуць пачацца пры прэзідэнцтве Пуціна. Са словаў высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі Байдэна, Вашынгтон не казаў Кіеву змяніць сваю пазіцыю, але казаў, што Кіеў павінен паказаць сваю гатовасць разумна і мірна скончыць вайну. У ЗША спадзяюцца, гэта пакажа свету, што менавіта Украіна, а не Расея, хоча скончыць вайну.

У сваю чаргу дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван, якога падазраюць у падштурхоўванні Кіева да міру, заявіў, што «Злучаныя Штаты не ціснуць на Украіну і не настойваюць на нейкіх рэчах».

«Мы кіруемся вельмі простым прынцыпам: нічога пра Украіну без Украіны. Урэшце, Украіна павінна прымаць пастанову адносна свайго дыпламатычнага курсу», – падкрэсліў ён.

Саліван таксама распавёў, што ЗША бліжэйшымі тыднямі анансуюць новы пакет вайсковай дапамогі Украіне. Ён паабяцаў, што Злучаныя Штаты і далей будуць захоўваць стабільнасць у пытанні надання Украіне дапамогі.

У сваю чаргу крыніцы ўкраінскіх медыяў сярод уладаў Украіны адзначаюць, што замежныя партнёры «не схіляюць да перамоваў, а проста кажуць, што пажадана пасылаць расейцаў не так катэгарычна, каб еўрапейцам было спакайней жыць». Паводле выдання «Українська правда», цяпер ніякія падрыхтоўчыя працы адносна магчымых перамоваў з РФ не ідуць.

Ды і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што расейска-ўкраінскі канфлікт павінен вырашыцца на полі бою:

«Гэта Украіна павінна вырашаць, якія ўмовы прымальныя. Шмат якія войны вырашаліся за сталом перамоваў, але гэта не той выпадак».

Нельга дапусціць прэцэдэнту

У каментары «Белсату» расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў адзначыў, што перамовы не плануюць ні Масква, ні Кіеў. Пытанне пра іх цяпер абмяркоўваецца выключна праз тое, што ЗША папрасілі Украіну адмовіцца ад рыторыкі, што перамовы з Пуціным наагул немагчымыя:

«Кіеў у адказ праз свае тэлеграм-каналы запусціў рамачны пакет прапановаў для магчымых калі-небудзь у нявызначанай будучыні перамоваў. Крэмль не будзе рэагаваць на гэты пакет. Паколькі ў ім гаворка пра пастановы, якія могуць быць прынятыя толькі пасля паразы Крамля: у ім ідзецца пра вялікія гарантыі бяспекі для Украіны, у тым ліку пра сыход Чарнаморскага флоту з Севастопалю, пра вяртанне Прыднястроўя Малдове, пра вывад расейскіх войскаў з Беларусі і гэтак далей».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі фатаграфуецца з украінскімі вайскоўцамі падчас свайго візіту ў нядаўна вызвалены Херсон, Украіна. 14 лістапада 2022 года.
Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

Не верыць у магчымасць перамоваў бліжэйшым часам і ўкраінскі палітолаг Алег Саакян. Паводле яго, Расеі перамовы патрэбныя толькі «як інструмент дасягнення кароткатэрміновага перамір’я, каб перагрупавацца, залізаць раны і вярнуцца да баявых дзеянняў». Заявы ж РФ пра гатовасць на перамовы без умоваў маюць на ўвазе, што гэтыя ўмовы, уключаючы заставанне расейскіх войскаў на акупаваных тэрыторыях, «фактычна застаюцца за дужкамі».

«Для Украіны, вядома, мірныя перамовы неабходныя, але як інструмент завяршэння вайны. А не як пастка, якая будзе яшчэ больш крывавая, чымся сённяшняе супрацьстаянне. Таму ў сённяшнім выглядзе гэта толькі інфармацыйна-дыпламатычная барацьба, у якой Расея спрабуе выставіць сябе канструктыўным бокам і дыскрэдытаваць Украіну, але не больш за тое», – падкрэсліў Саакян.

Пры гэтым палітолаг мяркуе, што на Захадзе кажуць пра перамовы, па-першае, з электаральнай прычыны (праз жаданне грамадстваў завяршыць вайну), па-другое, праз уплыў геапалітычнага фактару. Гэтак, значная частка краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ўспрымае канфлікт як далёкую для сябе еўрапейскую вайну і, не разбіраючыся ў яе прычынах, не разумее, чаму яны «павінны пакутаваць праз тое, што Расея з Украінаю чагосьці не падзялілі». Паколькі гэтыя краіны ў тым ліку маюць голас у ААН, ім яшчэ трэба «патлумачыць, чаму цяпер хуткі мір за кошт Украіны немагчымы і будзе каштаваць яшчэ больш крыві, у тым ліку і ўсяму свету».

Тым не менш, адзначыў Саакян, прынамсі сярод заходніх краінаў ідэя падтрымання і перамогі Украіны дамінуе ў грамадскай думцы. У тым ліку і таму ўрады гэтых краінаў будуць падтрымліваць Кіеў у вайне. Пагатоў, як лічыць палітолаг, гэты канфлікт уяўляе экзістэнцыяльную пагрозу Захаду.

«Падзенне Украіны запусціць агульнапланетарныя працэсы сафары, і тады мы дакладна зляцім да Трэцяй сусветнай вайны. Цяпер фактычна ад поўнамаштабнай Трэцяй сусветнай свет абараняе стойкасць Украіны і негатовасць ісці на шантаж Расеі», – заявіў Саакян.

Пакуль жа Украіна змагаецца, «Расея вымотваецца і адцягваецца момант Трэцяй сусветнай, выйграецца час на рыхтаванне краінаў да магчымай больш шырокай дэстабілізацыі». У тым ліку з удзелам Кітаю, Ірану, краінаў Персідскай затокі і Балканаў. Падзенне ж Украіны, заявіў палітолаг, не толькі запускае гэтыя дэструктыўныя працэсы, але і «ўзмацняе іх шматкроць». На ягоную думку, асноўная канкурэнцыя на міжнароднай арэне цяпер фактычна заключаецца ў спаборніцтве дыктатуры і дэмакратыі. І таму нельга дапусціць прэцэдэнту, калі «дыктатура вераломна раздушыла дэмакратыю».

Аналітыка
«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную
2022.08.15 11:10

Макар Мыш ІР belsat.eu

Стужка навінаў