Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Энтані Блінкен сёння наведвае Егіпет – апошнюю краіну ў сваім блізкаўсходнім турнэ, і заўтра зноў прыедзе ў Ізраіль. За чатыры дні дыпламат пабываў у шасці арабскіх дзяржавах, каб перадухіліць маштабны канфлікт у рэгіёне, перадае агенцыя «The Associated Press».
Дзярждэпартамент паведаміў, што 16 кастрычніка кіраўнік ведамства Энтані Блінкен зноў наведае Ізраіль – другі раз за пяць дзён. Ён вернецца ў Тэль-Авіў «дзеля далейшых кансультацыяў з ізраільскімі афіцыйнымі асобамі», гавораць у дэпартаменце, не агалошваючы падрабязнасцяў.
Сёння Блінкен зладзіў перамовы ў Каіры з прэзідэнтам Егіпта Абдэльфатахам ас-Сісі. Гэта была апошняя сустрэча дыпламата з арабскімі лідарамі на фоне пагрозаў, што наземная аперацыя Ізраілю ў Газе, якая плануецца, можа справакаваць маштабную вайну ў рэгіёне.
За апошнія дні Энтані Блінкен сустрэўся з кіраўнікамі Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Бахрэйна, Катара, Іярданіі і Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі.
Дзяржсакратар ЗША прыляцеў у рэгіён 12 кастрычніка, першай краінаю турнэ стаў Ізраіль. Ён паабяцаў габрэйскай дзяржаве падтрыманне, заявіўшы, што краіна атрымае ўсё неабходнае для абароны.
Паводле апошніх звестак, у выніку нападу баевікоў «Хамасу» у Ізраілі загінулі найменей як 1400 асобаў, 3500 пацярпелі. Лік ахвяраў у сектары Газа праз удары Ізраілю ў адказ перавысіў 2300, каля 9 тысячаў атрымалі раненні.
Сяргей Крот belsat.eu