Што вядома пра выхадцаў з Беларусі, забітых і параненых у Ізраілі


Паводле звестак розных выданняў, тры выхадцы з Беларусі загінулі і прынамсі тры параненыя ў выніку атакі тэрарыстаў «Хамас». Магчыма, яшчэ адзін лічыцца зніклым. Амбасада Беларусі ў Ізраілі адмовілася паведаміць «Белсату» актуальныя звесткі. Расказваем, што вядома з медыяў пра забітых і параненых.

Пахаванне паліцыянта Віталя Карасіка
Пахаванне паліцыянта Віталя Карасіка. Ерусалім, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Israel Police / Facebook

Загінулі

Алёна Астапенка – 25-гадовая паліцыянтка, якая раніцай 7 кастрычніка патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам са сваймі саслужыўцамі і байцамі «Цагалю» Алена ўступіла ў бой з тэрарыстамі групоўкі «Хамас» і загінула. Паводле маці дзяўчыны, яе пахавалі 10 кастрычніка ўначы.

Сям’я Алены пераехала ў Ізраіль з Рэчыцы ў 2000 годзе, Алене тады было два гады. У Ізраілі яна скончыла школу, адслужыла ў войску, працавала ў паліцыі ў горадзе Нэтывот на поўдні краіны, непадалёк сектару Газа, жыла ў горадзе Ашкелон. Аб сваёй працы мала каму распавядала.

Паліцыянтка Алёна Астапенка. Бэйт-Шэмэш, Ізраіль. 17 жніўня 2023 года.
Фота: alona_astapenko / Instagram

Віталь Карасік – 38-гадовы паліцыянт, які 7 кастрычніка падпрацоўваў у ахове музычнага фэсту «Supernova Sukkot Gathering» блізу Газы. Загінуў у баі з тэрарыстамі, якія атакавалі фестываль і забілі не менш за 260 чалавек, у тым ліку ўсіх ахоўнікаў. Віталя пахавалі 8 кастрычніка на вайсковых могілках у Ерусаліме.

Віталь нарадзіўся ў Магілёве, даўно пераехаў у Ізраіль, пажаніўся з ураджэнкай Расеі, з сям’ёй жыў у Ашкелоне. Служыў у Ізраільскім войску, быў танкістам і медыкам, браў удзел у вайне Ізраілю з Ліванам, пазней пайшоў у паліцыю, стаў следчым аддзелу крыміналістыкі, меў званне сяржанта. Без бацькі засталіся 18-гадовая дачка і 8-гадовы сын.

Паліцыянт Віталь Карасік. Ізраіль. 24 красавіка 2023 года.
Фота: Vitaly Karasik / Facebook

Стывен Макарчанка – 24-гадовы ўраджэнец Беларусі, наведнік таго самага фестывалю «Supernova Sukkot Gathering», забіты тэрарыстамі «Хамас». Чатыры дні лічыўся зніклым без звестак. Быў пахаваны 11 кастрычніка. Знікла без звестак і пакуль не знойдзеная ягоная сяброўка Аліцыя Левін, якая была з ім на фэсце.

Стывен Макарчанка
Стывен Макарчанка. Ізраіль.
Фота: Keren Makarchenko / Facebook

Параненыя і зніклыя

Раман Гофман – 47-гадовы начальнік навучальнага цэнтру сухаземных войскаў. Быў цяжка паранены ў баі з тэрарыстамі блізу Сдэроту, цяпер у шпіталі, стан стабілізаваўся. Родам з Мазыра, пераехаў з бацькамі ў Ізраіль у 1990 годзе, вучыўся ў вайсковых інтэрнатах, служыў у бранятанкавых войсках, браў удзел у вайсковай аперацыі на Заходнім беразе ракі Іярдан, даслужыўся да звання брыгаднага генерала, узначальвае Нацыянальны цэнтр вучэнняў сухапутных войскаў. Жанаты, мае трох дачок.

Адметна, што аднойчы пасля рэйду, у якім ізраільскія войскі шукалі фабрыкі вытворчасці зброі і абвешчаных у вышук палестынцаў Гофман расказваў, як змагаецца за паляпшэнне ўмоваў жыцця палестынцаў, бо толькі меншасць падтрымлівае тэрор, а большасць хоча годнага жыцця, і інструменты міратворцаў – не толькі патроны, але і праца на карысць насельніцтва.

Брыгадны генерал Раман Гофман
Брыгадны генерал Раман Гофман. Ізраіль, блізу мяжы з Сірыяй. 13 кастрычніка 2020 года.
Фота: דובר צה«ל / Wikimedia, CC BY-SA 4.0 DEED

Яшчэ тры параненыя, імёны якіх невядомыя. Амбасадар Беларусі ў Ізраілі 9 кастрычніка расказваў, што ў выніку ракетнага абстрэлу была цяжка параненая грамадзянка Беларусі, ейны непаўналетні сын атрымаў лёгкія раненні, а яшчэ адна грамадзянка Беларусі атрымала траўму нагі, калі ішла ў бамбасховішча падчас абстрэлу.

Прынамсі адзін чалавек родам з Беларусі таксама знік без звестак. Амбасада Беларусі не называла імя, а паведаміла толькі, што гэта грамадзянін Беларусі і што ва ўзаемадзеянні з ізраільскімі сілавымі ведамствамі і Інтэрполам высвятляюць ягоны лёс. Паведамлялі пра гэта яшчэ 9 кастрычніка – тады яшчэ лічыўся зніклым Стывен Макарчанка, але ці пра яго казаў амбасадар, невядома. 13 кастрычніка амбасада Беларусі ў Ізраілі па тэлефоне адмовілася паведаміць «Белсату» актуальныя звесткі аб беларусах, пацярпелых у выніку атакі.

Акрамя таго, консул Беларусі ў Ізраілі расказаў 10 кастрычніка дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА, што ў сектары Газа застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі, пераважна жанчыны і дзеці».

Гісторыі
Сапраўдныя амазонкі і звычайныя героі падчас вайны: натхняльныя гісторыі супраціву жыхароў Ізраілю
2023.10.13 15:43

***

Афіцыйная амбасада Беларусі ў Ізраілі мае нумар тэлефону для экстранай сувязі: +972 50 521 48 19. Дапамогу беларусам у Ізраілі аказваюць таксама «народныя амбасады».

У выніку атакі тэрарыстаў, што пачалася 7 кастрычніка, загінулі не менш за 1200 ізраільцянаў, яшчэ не менш за 2800 чалавек былі параненыя. Невядомая колькасць людзей трапіла ў закладнікі да тэрарыстаў. У сектары Газа ў выніку ўдараў Ізраілю ў адказ загінулі звыш 1500 чалавек.

Hавiны
«Кожны чалец «Хамасу» – мярцвяк». Прэм’ер Ізраілю паабяцаў знішчыць групоўку
2023.10.12 09:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў