«Трампісты захапілі ўсіх рэспубліканцаў». Чаму Сенат ЗША не можа дапамагчы Украіне


Сенат ЗША не прыняў законапраект, які ўключаў ваенную дапамогу Украіне ў памеры $60 млрд. Гэта адбылося таму, што «жменька рэспубліканцаў проста ўзяла ў закладнікі Рэспубліканскую партыю», распавядае «Белсату» амерыканістыка Аляксандра Філіпенка. Даведаліся, пры чым тут экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ці зможа Украіна атрымаць дапамогу.

Капітолій ЗША.
Фота: pexels.com

Законапраектам прапануецца выдаткаваць $118 млрд. З іх $60,06 млрд – на падтрымку Украіны, $14,1 млрд – на дапамогу Ізраілю, $4,83 млрд – на падтрымку партнёраў ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, якія супрацьстаяць агрэсіі з боку Кітая. Яшчэ $20,23 млрд – на ахову межаў ЗША. Апошняе пытанне – самае спрэчнае. Калі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў як мага хутчэй прыняць законапраект і пахваліў прапанаваныя міграцыйныя меры, то прыхільнікі Дональда Трампа супраць.

«Калі казаць пра прычыны, чаму не ўдалося прыняць гэты, здавалася б, кампрамісны законапраект аб дапамозе Украіне, Ізраілю, Тайваню і забеспячэнні бяспекі мяжы, кароткі адказ – хаос унутры Рэспубліканскай партыі. У яе няма жадання ісці на любыя кампрамісы з дэмакратамі напярэдадні выбараў.

Любы законапраект: кампрамісны, міжпартыйны – не на руку Дональду Трампу. Хаос у Кангрэсе як раз на руку Дональду Трампу, які называе сябе галоўным чалавекам, якія ўмеюць заключаць здзелкі. Яму цяпер важна паказаць, што без яго ў Белым доме ніякія міжпартыйныя законапраекты прымацца не могуць», – кажа Аляксандра Філіпенка.

Таму прыхільнікі Трампа ў Сенаце, нягледзячы на тое, што іх не большасць, проста блакуюць прыняцце якіх-небудзь рашэнняў.

«Рэспубліканцы-трампісты, правае крыло Рэспубліканскай партыі, практычна ўзялі ў закладнікі ўсю астатнюю Рэспубліканскую партыю, паколькі галасы гэтых рэспубліканцаў-трампістаў неабходныя. Звязана гэта ў першую чаргу з амерыканскімі выбарамі, з Дональдам Трампам, з яго поглядам на сітуацыю.

Таксама гэта звязана і з тым, што міграцыйнае заканадаўства – гэта адна з самых эмацыйна нагружаных тэм у амерыканскай палітыцы, паколькі гэта звязана не толькі з лічбамі, інфраструктурай. Гэта звязана з людзьмі, іх жыццямі, адпаведна, з эмоцыямі і пачуццямі, якія гэтыя людзі выклікаюць. І таму ў цэлым міграцыйнае заканадаўства прымаць у ЗША вельмі і вельмі складана. А калі яшчэ і накладваецца дапамога Украіне, Тайваню і Ізраілю – тым больш», – працягвае суразмоўніца.

Лідар дэмакратычнай большасці ў амерыканскім Сенаце Чак Шумер адклаў галасаванне і даў рэспубліканцам суткі, каб «разабрацца ў сабе».

«Гэта для таго, каб абмеркаваць, ці гатовыя яны, ці хочуць вылучаць нейкі сур’ёзны дадатак да міжпартыйнага законапраекта або, можа быць, яны ўжо зусім не хочуць гэта крытычна важнае галасаванне вырабляць.

У чацвер [8 лютага. – Рэд.] па Вашынгтону, гэта значыць ноччу па нашым часе, стане вядома, ці будзе новае галасаванне. Для прыняцця законапраекта неабходна 60 галасоў. Пакуль іх 58. Магчыма, за суткі атрымаецца змяніць меркаванне кагосьці з рэспубліканцаў або прыцягнуць яшчэ кагосьці на свой бок. У цэлым цяпер усё ўпіраецца ў Рэспубліканскую партыю, у скептыцызм таго ж Дональда Трампа, які не вельмі хоча дапамагаць Украіне і які крытыкуе тыя спробы ўзмацніць бяспеку межаў, якія мяркуецца прыняць», – кажа Аляксандра Філіпенка.

Каментар
Хочуць апраўдаць кантроль за беларусамі. Навошта вайскоўцы ўмацоўваюць мяжу з Украінай
2024.02.06 19:45

Трэба шукаць альтэрнатыўныя шляхі дапамогі

На думку эксперткі, ёсць сумневы, што 60 галасоў для адабрэння законапраекта атрымаецца сабраць.

«Здаецца, што трэба ўжо разглядаць нейкія альтэрнатыўныя варыянты дапамогі Украіне і нейкія шчыліны, якія ёсць, безумоўна, у амерыканскім заканадаўстве. У першую чаргу гэта звязана з тым жа ходам, які распачалі канадскія заканадаўцы, а менавіта перадача ўзбраенняў, якія трапляюць пад спісанне.

Гэта не дрэнная зброя. Гэта значыць, што гэта зброя, якая была разлічаная на пэўную колькасць гадоў, згодна з канадскім заканадаўствам. Гэта зброя 80-х гадоў. Калі мы глядзім на тое, як ваюе Расея, мы разумеем, што Расея ваюе і ў тым ліку значна больш старымі ўзорамі ўзбраенняў», – адзначае Філіпенка.

Пайсці па канадскім шляху маглі б і ЗША.

«Таксама ЗША могуць перадаваць зброю сваім еўрапейскім саюзнікам па Паўночнаатлантычным альянсе з мэтай, каб яна ў выніку трапіла ва Украіну. Увогуле, ёсць варыянты. Вядома, заканадаўцы вельмі хацелі ў адкрытую дапамагаць Украіне і вельмі хацелі атрымаць гэтую магчымасць дзякуючы прыняццю гэтага законапраекта», – падкрэслівае суразмоўніца.

Верагодна, што законапраект так і не пройдзе. Таму хутчэй за ўсё яго будуць драбіць і ўносіць іншыя законапраекты, лічыць Філіпенка. Напрыклад, асобна па дапамозе Украіне, асобна – па міграцыйнай палітыцы і гэтак далей.

«Гэта ўжо будзе залежаць ад амерыканскіх заканадаўцаў. Адзінае, што важна падкрэсліць: ніхто іх ніяк не абмяжоўвае ў тым, каб зноў і зноў вылучаць законапраекты, зноў і зноў іх абмяркоўваць, зноў і зноў спрабаваць іх прыняць. Таму, магчыма, мы ўбачым яшчэ спробы прыняцця нейкага падобнага заканадаўства», – заключае Аляксандра Філіпенка.

Hавiны
Улады Беларусі пабудавалі шмат ангараў у базе тэхнікі, адкуль перадавалі танкі Расеі
2024.02.08 18:24

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў