Тэнісістка Сабаленка сказала, што яна супраць вайны і Лукашэнкі. А ў чым быў скандал да таго?


«Другая ракетка свету», беларуска Арына Сабаленка на турніры «Roland Garros» расчаравала журналістаў тым, што скасавала абавязковыя прэс-канферэнцыі. Потым яна ўсё ж дала прэс-канферэнцыю – і сказала, што супраць вайны і Лукашэнкі. У чым была прычына скандалу, «Белсату» расказаў журналіст, якому яна дала адказ пра ранейшыя фота з Лукашэнкам.

Арына Сабаленка
Арына Сабаленка на корце пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 28 студзеня 2023 года.
Фота: sabalenka_aryna / Instagram

Арына Сабаленка 6 чэрвеня перамагла ў чвэрцьфінале «Roland Garros» украінку Эліну Світоліну, у паўфінале 8 чэрвеня згуляе з чэшкай Каралінай Муховай. 25-гадовая беларуская спартоўка стала пераможцаю першага з чатырох турніраў «Вялікага шлема» ў «Australian Open», выступаючы пад нейтральным статусам, ён прайшоў у студзені гэтага года. Гэта была першая перамога тэнісісткі на турнірах «Вялікага шлема».

Раней Сабаленка расказвала, што ёй яшчэ не выдалі візы ў Вялікую Брытанію для ўдзелу ва «Wimbledon», які мае прайсці ў ліпені. Беларускія тэнісісты да таго падпісалі дэкларацыі аб нейтральным статусе, каб згуляць на Ўімблдане.

Што за скандал

У першым раўндзе «Roland Garros» 20-гадовая Марта Касцюк адмовілася паціснуць руку Сабаленцы, як раней адмаўлялася паціснуць руку іншай беларускай тэнісістцы Вікторыі Азаранцы. Пасля гэтага Сабаленка казала на прэс-канферэнцыі, што ніхто са спартоўцаў не падтрымлівае вайну і што аб гэтым спартоўцы не мусяць «крычаць», бо «гэта як 1+1».

На наступнай пасляматчавай прэс-канферэнцыі Сабаленка двойчы адмовілася адказваць на пытанні ўкраінскай журналісткі пра стаўленне да вайны ва Украіне і да Аляксандра Лукашэнкі. Затым пасляматчавая прэс-канферэнцыя Сабаленкі прайшла ў сакрэтным фармаце і толькі з выбранымі журналістамі, а сама Сабаленка тлумачыла, што не адчувае сябе ў бяспецы. Замест наступнай прэс-канферэнцыі яна дала інтэрв’ю толькі карэспандэнту жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).

Ды пасля матчу 6 чэрвеня Сабаленка ўсё ж дала прэс-канферэнцыю: гэта было нечаканасцю, бо матч зноў быў супраць украінкі. Былі пытанні і пра вайну, і пра Лукашэнку. Сабаленка падкрэслівала, што яна «не экспертка ў палітыцы», не падтрымлівае вайну і не хоча, каб ейная краіна была ўцягнутая ў вайну.

«Я не падтрымліваю вайну, гэта значыць не падтрымліваю Лукашэнку проста цяпер», – адказала Сабаленка.

Сабаленка ў 2020 годзе падпісала праўладны ліст спартоўцаў. Таксама спартсменка брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі за 2021 год. Журналіст Sport.pl Дамінік Сэнкоўскі таксама спытаў Сабаленку аб тым, чаму яна цяпер кажа аддзяляць палітыку ад спорту, калі раней не аддзяляла – можна жа знайсці шмат фота яе з Лукашэнкам. Сабаленка здзівілася, глыбока ўздыхнула і адказала:

«З Лукашэнкам я сустракалася толькі на матчах Кубка Федэрацыі. Тады вайны не было і нічога не было. Я не палітык. Калі б была, мяне б тут не было. Я не падтрымліваю вайну. Я не хачу, каб мая краіна была ўцягнутая ў вайну».

Дык скандал у адмовах ад прэс-канферэнцыяў ці ў пазіцыі Сабаленкі?

Журналіст Sport.pl Дамінік Сэнкоўскі, якому Сабаленка адказала пра спалучэнне спорту з палітыкай, тлумачыць «Белсату»: праблема была і з сарванымі прэс-канферэнцыямі, і з тым, як Сабаленка раней адказвала на пытанні пра вайну і як рэагавала на корце на нежаданне ціснуць ёй руку – а пасля матчу 6 чэрвеня Світоліна таксама не падала ёй рукі, хоць Сабаленка, паводле журналіста, чакала гэтага ў позе, якую можна палічыць правакацыйнай.

Сэнкоўскі падкрэслівае, што словы Сабаленкі аб непадтрымцы вайны ніякімі спартоўцамі – відавочная няпраўда. Ён згадвае, як расейская тэнісістка Анастасія Гасанава адкрыта выступала ў падтрымку расейскага нападу на Украіну.

Былі і ўскосныя прыклады, працягвае журналіст. Расейская тэнісістка Анастасія Патапава ўчыніла ў ЗША правакацыю з выхадам на корт у футболцы клубу «Спартак» – ёй нельга было пазначаць прыналежнасць да дзяржавы, ды і футболка парушала рэгламент турніру. Проста на тым жа турніры, дзе Сабаленка казала пра спартоўцаў і вайну, расейская тэнісістка Вераніка Кудзярметава збіралася выходзіць на корт у майцы з нашыўкай падсанкцыйнай расейскай кампаніі «Татнефть», што таксама супярэчыць рэгламенту. Такія прыклады не адзінкавыя.

Беларускі свет
Кінула беларускую федэрацыю і зрабілася чэмпіёнкай
2023.05.30 17:30

А тэнісістам можна адмаўляцца ад прэс-канферэнцыяў?

Калі Сабаленцы дазволілі праводзіць прэс-канферэнцыі ў закрытым фармаце з выбранымі журналістамі, сярод журналістаў пайшла дыскусія аб тым, ці нармальна гэта і ці не з’яўляецца наданнем перавагі адной канкрэтнай спартоўцы, расказвае Сэнкоўскі. Ён згадвае, што ў 2021 годзе японская тэнісістка Наомі Осака (на той момант «другая ракетка свету», як цяпер Сабаленка) адмовілася ад прэс-канферэнцыяў на «Roland Garros», спаслаўшыся на псіхічнае здароўе. Яе аштрафавалі на 15 тысяч еўра, прыгразілі далейшымі санкцыямі – і яна знялася з турніру. Сабаленцы жа спрыялі.

Ненаведванне прэс-канферэнцыяў або размовы толькі з выбранымі журналістамі – вельмі спрэчная справа, тлумачыць Сэнкоўскі. З гледзішча журналістаў, прэс-канферэнцыі – частка працы спартоўца. Ды і прэс-канферэнцыя ладзіцца не толькі для журналістаў і фанатаў, але і для спонсараў: спартоўцы маюць вызначаныя лагатыпы на адзенні, а кампаніі плацяць спартоўцам, каб гэтыя лагатыпы пасля бачылі гледачы на ТВ і Youtube.

«Рашэнні могуць розныя, – разважае Сэнкоўскі. – Журналісты шануюць тое, што спартовец не хоча адказваць на пэўныя пытанні. Дык можна было на тых дзвюх папярэдніх прэс-канферэнцыях абвясціць, што пытанні просім толькі на тэму матчу. Ці як-небудзь іначай гэта атрымалася б. Хоць я лічу, што гэта не было б да канца справядліва, можна дыскутаваць на гэтую тэму».

Ці ёсць падставы лічыць, што Сабаленка падтрымлівае вайну і Лукашэнку або пазбягае пытанняў, каб абараніць сябе?

Усё магчыма, адказвае Сэнкоўскі. Падобна, сям’я Сабаленкі ў Беларусі, таму яна мусіць узважваць словы. Сабаленка ніколі не казала, што падтрымлівае вайну і не выступала, напрыклад, з літарай «Z» – знакам прыхільнікаў расейскай агрэсіі.

«Але яна толькі сёння сказала, што не падтрымлівае вайну, а праз гэта таксама не падтрымлівае Лукашэнку ў гэты момант, – звяртае ўвагу журналіст. – Сказала «right now» – даслоўна «ў гэты момант». Гэта мае вялікае значэнне, бо ведаем, што ёсць шмат здымкаў тэнісісткі з прэзідэнтам [Лукашэнкам]».

«Я пытаў яе, як яна бачыць тое, што месяцамі заклікае не спалучаць спорт з палітыкай, а гадамі спалучала, бо хаця б сустракалася з Лукашэнкам, – працягвае Сэнкоўскі. – І яна мне адказала на той прэс-канферэнцыі, што так, але бачылася з ім толькі на матчах Кубку федэрацыі. А гэта не да канца праўда, бо разумеем, што калі б сустракалася толькі на корце ў кампаніі Азаранкі і іншых, то не было б праблемы. Але яна была і на спатканнях адзін на адзін з прэзідэнтам [Лукашэнкам].

Гадамі былі якія ж кантакты – а потым раптам кажа, што ў выпадку вайны ў Украінай не спалучаем спорт з палітыкай, так наогул нельга і гэтак далей. Я не надта задаволены такім адказам, бо лічу, што не да канца яна трымалася праўды, не адказала цалкам на гэтае пытанне».

Сабаленка і Лукашэнка
Арына Сабаленка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася, паводле прэс-службы Лукашэнкі, на просьбу Сабаленкі. Палац незалежнасці, Менск, Беларусь. 27 лістапада 2018 года.
Фота: President.gov.by

На думку Сэнкоўскага, такім чынам Сабаленка як вядомая спартоўка «аўтарызуе» дзеянні Лукашэнкі. І калі яна кажа, што раней не было такіх абставінаў, як вайна, дык Сэнкоўскі нагадвае: праціўнікі Лукашэнкі перажывалі рэпрэсіі не год і не два, а дзясяткі гадоў – амаль адразу, як Лукашэнка здабыў уладу.

Інтэрв’ю
«Мы коцімся туды, адкуль хутка не вяртаюцца». Аляксандр Апейкін – пра перспектывы прафесійнага спорту ў Беларусі
2023.05.28 15:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў