З’явілася мапа kultmapka.me з абазначэннем беларускіх гісторыка-культурных аб’ектаў за мяжой


Стваральнікі агрэгатара беларускага бізнесу за мяжой bymapka стварылі мапу kultmapka.me, на якой пазначаны месцы, звязаныя з гісторыяй і культурай беларусаў, па-за межамі нашай краіны.

Мапа з абазначэннем беларускіх гістарычных і культурных аб’ектаў за мяжой.
Фота: скрыншот з сайта kultmapka.me

Адзначаецца, што на мапе ўжо сабрана больш за 220 знакавых месцаў у 30 краінах:

  • беларускія палацы, касцёлы і цэрквы;
  • помнікі і месцы пахавання нашых продкаў;
  • будынкі, дзе жылі знакамітыя беларусы і працавалі беларускія ўрадавыя арганізацыі;
  • больш за 30 музеяў, дзе прадстаўленыя творы і рэчы вядомых беларусаў.

«Задача – дапамагчы землякам адшукаць месцы, звязаныя з Беларуссю, глыбей даведацца пра ўласную гісторыю і культуру, усвядоміць уклад ураджэнцаў нашых зямель у гісторыю і культуру іншых краін і ўсяго свету», – такую мэту ставілі перад сабой стваральнікі праекта.

Адзначаецца, што далучыцца да стварэння kultmapka.me можа кожны. Стваральнікі прапануюць беларусам дадаваць на мапу той ці іншы аб’ект, звязаны з Беларуссю, калі ён там адсутнічае, «каб спадчына беларусаў была пазначаная ў кожнай краіне свету».

Так, на цяперашні момант, найбольш пазначаных аб’ектаў на kultmapka.me можна адшукаць у Літве, Польшчы, ЗША, Расеі. Але ёсць абазначэнні і ў такіх краінах, як Японія, Ізраіль, Узбекістан ці Чылі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў