«Нацыянальнае адраджэнне – вяртанне гонару за тое, што ты беларус ці беларуска». Размова з Алінаю Коўшык


Нашая былая калега, журналістка і вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык ужо больш за месяц – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння. За гэты час Аліна абвесціла перапіс беларускіх культурніцкіх ініцыятываў па свеце, а таксама распачала беларусізацыю Кабінету. Якая яшчэ праца цяпер вядзецца, а якая плануецца, што падштурхнула перайсці з журналістыкі ў палітыку, як сумяшчаць мацярынства і працу ды выхоўваць дзяцей за мяжой у беларускасці, чым жа ёсць нацыянальнае адраджэнне? Пра ўсё гэта – нашая гутарка з Алінаю.

Аліна Коўшык.
Фота: Аліна Коўшык / Facebook

«Склад мыслення ў мяне дагэтуль журналісцкі»

– Аліна, ты заўсёды была заўважнаю прафесійнаю журналісткаю, не было ніякіх сумневаў, што ты на сваім месцы. Што падштурхнула цябе змяніць жыццё і сысці з журналістыкі ў палітыку?

– Цяпер такі час: даводзіцца прымаць рашэнні, якія ў іншых абставінах я, магчыма, ніколі б не прыняла. Я лічу, што мы, беларусы, павінны скончыць працу адраджэння нашай радзімы, якую ўсе разам распачалі ў 2020 годзе, і дзеля гэтага мусім выкарыстаць усе рэсурсы.

Шмат годных беларусаў, якія павінны быць у складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету, цяпер за кратамі, але гэта не азначае, што няма каму далей працягваць гэтую эстафету. Таму, калі прыйшла гэтая прапанова, я пагадзілася. Доўга думала, узважвала рашэнне, бо я вельмі люблю журналістыку, і склад мыслення ў мяне дагэтуль журналісцкі, але, спадзяюся, гэта толькі дапаможа.

Я хачу быць карыснаю Беларусі і зрабіць канкрэтныя рэчы, каб змяніліся жыццё нашай краіны і будучыня нашых дзяцей.

–  Што гэта за канкрэтныя рэчы? Ці стаяць перад табою нейкія вымяральныя задачы? І што пакажа, што вынік дасягнуты?

– Працу нацыянальнага адраджэння вельмі цяжка вымяраць канкрэтнымі паказнікамі, акрамя, магчыма, адсотку ўжывання роднай мовы беларусамі. Але гэтая лічба нам пакуль недасяжная. Таму цяжка адказаць на гэтае пытанне.

Я спадзяюся дажыць да таго часу, калі беларуская мова будзе адзінаю дзяржаўнаю мовай у Беларусі. Калі на вуліцах нашых гарадоў людзі будуць размаўляць, а дзеці ў школах будуць вучыцца па-беларуску. І калі мы будзем ганарыцца, што мы – беларусы, казаць з гонарам: я з Беларусі. Тады скажу, што мы зрабілі сваю працу. Але перад гэтым вялікая дарога наперадзе.

«Нават Валерый Сахашчык спрабуе размаўляць са мною па-беларуску»

– Нацыянальнае адраджэнне – гэта тое, што трэба і магчыма рабіць ужо цяпер, ці гэта праца на будучыню, на той час, калі ў Беларусі адбудуцца змяненні?

– Гэта праца ў двух кірунках: і тое, што можна рабіць цяпер, але таксама і на будучыню, на транзітны перыяд і найбліжэйшы час пасля яго.

Сярод таго, што можна зрабіць цяпер, – падтрымка дыяспараў, дапамога ў стварэнні сэрвісаў, якія зробяць беларускую мову і адукацыю больш дасяжнаю для людзей у Беларусі, стварэнне міжнароднай сеткі сяброў Беларусі. Папулярызацыя Беларусі. Мне вельмі хацелася б, каб нашых пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, іншых дзеячаў больш ведалі ў свеце.

Аліна Коўшык з калегамі з Аб’яднанага пераходнага кабінету.
Фота: асабісты архіў

Доўгатэрміновыя задачы – падрыхтоўка пераходнага перыяду на той момант, калі ўлада зменіцца, пачатковых рэформаў у культуры, адукацыі і дзяржаўных медыях. Глабальная задача – стварэнне стратэгіі нацыянальнага адраджэння Беларусі.

– Аліна, ты сказала, што будзеш лічыць сваю працу зробленаю, калі беларусы будуць размаўляць па-беларуску. А як гэтага дамагчыся? Будзе беларусізацыя, як у пачатку 1990-х, ці нейкія іншыя шляхі?

– Прымушаць размаўляць па-беларуску мы нікога не будзем, але створым такія ўмовы, калі карыстацца роднаю моваю будзе зручна, прэстыжна, прыемна. Дзяржаўны апарат павінен працаваць па-беларуску, іншыя сферы жыцця таксама паступова трэба пераводзіць на беларускую мову. Магчыма, будуць пэўныя бонусы за хуткі добраахвотны пераход на беларускую мову ў працы.

Важны таксама ўласны прыклад, і яго вынікі я бачу ў Аб’яднаным кабінеце. Я нікога не прымушаю, але бачу, як натуральна нашая камунікацыя пераходзіць на родную мову. Нават Валерый Сахашчык са мною спрабуе размаўляць па-беларуску. Мне гэта вельмі прыемна і грэе душу.

Добрым прыкладам можна натхняць, таму важна, каб беларускамоўнымі станавіліся флагманскія, трэндавыя для Беларусі праекты. Гэта пакажа, што нашая мова паспяховая і даўно перастала быць прыкметаю вясковасці альбо апазіцыйнасці.

«Большасць людзей у Кабінеце добра размаўляе па-беларуску, але рэдка гэта робіць»

– Як атрымалася, што Аб’яднаны пераходны кабінет трэба беларусізаваць, што людзі, якія працуюць на карысць нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі, у паўсядзённым жыцці не размаўляюць па-беларуску? Гэта вынік палітыкі, якая праводзілася ў Беларусі, ці асабістай незацікаўленасці?

– Насамрэч большасць людзей у Кабінеце вельмі добра размаўляе па-беларуску, толькі некаторыя рэдка гэта робяць. Быць можа, саромеюцца на публіку, але думаю, паступова гэта пройдзе.

Аліна Коўшык і Аб’яднаны пераходны кабінет.
Фота: Павел Крычко

Але тое, што ўвогуле беларусы так мала ўжываюць родную мову, – відавочна вынік гадоў русіфікацыі, саветызацыі і лукашэнкаўскай палітыкі, калі беларускую мову прыніжалі і паступова выціскалі з розных сфераў жыцця. Цяпер за яе яшчэ і затрымліваюць як злачынцаў, як гэта адбылося з экскурсаводам Ігарам Хмарам, на якога завялі крымінальную справу за нібыта грубае парушэнне парадку, і гэта ўсё таму, што ён размаўляў па-беларуску з удзельнікамі сваёй экскурсіі. Гэта генацыд і прыгнёт паводле нацыянальнай, моўнай прыкметы.

У той жа час я бачу, што пасля 2020 года шмат людзей стала прыязна ставіцца да беларускай мовы, і я б хацела гэты трэнд падтрымаць. Нашая мова будзе жыць, калі мы на ёй будзем жартаваць, кахаць, размаўляць з нашымі дзецьмі. Напрыклад, нядаўна я наведала ў Варшаве беларускамоўны стэндап. І ён быў цудоўным і натуральным!

Ёсць прыклады краінаў, якія адраджалі мовы: Чэхія, скандынаўскія краіны. І яны паказваюць, што ўсё магчыма.

«Стаўлю сабе задачу рэбрэндынгу Беларусі ў свеце»

– Адна з тваіх задачаў – наладзіць міжнародныя сувязі ў сферы культуры. Як ты бачыш: што ў свеце ведаюць пра Беларусь? Ці шмат стэрэатыпаў?  Нашая культура ўвогуле цікавая свету?

– Пра Беларусь у свеце вельмі мала ведаюць. Асобным адмыслоўцам, магчыма, знаёмыя Святлана Алексіевіч, Алесь Бяляцкі, Альгерд Бахарэвіч, Свабодны тэатр, нейкія іншыя беларускія дзеячы і праекты. Але агулам галоўная асацыяцыя, якая ўзнікае ў замежнікаў, калі мы ім кажам пра Беларусь, – дыктатар Лукашэнка. Таму адна з задачаў, якую я сабе стаўлю, – рэбрэндынг Беларусі ў свеце. Нам трэба стварыць новае ўяўленне пра Беларусь. Як мы гэта зробім, трэба падумаць, параіцца са спецыялістамі, зарганізаваць адмысловую кампанію.

Важна болей працаваць з суседзямі – Польшчаю, Літвой, Украінай. Нядаўняе выказванне прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра Францыска Скарыну, у якім ён не згадаў пра Беларусь, пераканала мяне, што нашая праца – знаёміць свет з Беларуссю, даводзіць, што Скарына належыць таксама і нашай гісторыі, бо нарадзіўся ў беларускім горадзе Полацку.

Адна з нашых ініцыятываў – усталяванне памятных шыльдаў, помнікаў у гонар выбітных беларусаў, якія жылі па ўсім свеце. У Празе разам з прадстаўнікамі беларусаў Чэхіі мы шукалі патдрымкі ўладаў ва ўсталяванні шыльды ў гонар Ларысы Геніюш: уласнік дому адмаўляецца, таму запрапанавалі альтэрнатыўнае развязанне. Акрамя таго, размаўляла з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Францыі пра тое, каб Марка Шагала пачалі падпісваць як нарадзінца Беларусі, а не Расеі, як цяпер.

«Хачу заклікаць не падзяляць Беларусі на тую, якая засталася, і якая выехала»

– Аліна, ты пісала, што запушчаны перапіс беларускіх культурніцкіх ініцыятываў па ўсім свеце і што ты сустракалася з прадстаўнікамі некаторых з іх. Як ты бачыш з сустрэчаў: у якіх сферах беларусам цяпер найцікавей нешта развіваць, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца, якая дапамога патрэбная?

– Гэты перапіс пакліканы дапамагчы запоўніць праграму «Лічбавая Беларусь», якая будзе дапамагаць беларусам падтрымліваць сувязі паміж сабою па ўсім свеце. Апошнім часам узнікла шмат цудоўных ініцыятываў, але часта яны вельмі маленькія, і ім цяжка прабіцца ў медыі, распавесці пра сябе.

Беларускамоўныя праекты ўзнікаюць не толькі сцісла культурніцкія ці гістарычныя, але, напрыклад, фітнес па-беларуску – такі профіль вядуць беларускі ў Instagram. Ёсць шмат ініцыятываў, прысвечаных дзецям, развіццю, кнігам, народным строям.

Аліна Коўшык на Першым з’ездзе беларусаў Чэхіі.
Фота: асабісты архіў

Адна з галоўных праблемаў, з якімі сутыкаюцца аўтары гэтых ініцыятываў, – выжыванне. Бо найчасцей яны пачынаюцца як валанцёрскія на хвалі энтузіязму, а потым паўстае выбар: ці працаваць, ці рабіць нешта для ініцыятывы. Таму ім патрэбная дапамога. Магчыма, нейкія мікрагранты, каб можна было падтрымліваць дзейнасць, ці партнёры. І ў гэтым нашая праца.

Асобна хачу сказаць пра бяспеку пры складанні спісу ініцыятываў. Мы даем толькі адкрытую інфармацыю, спасылкі на афіцыйныя старонкі, больш нічога. Бяспека вельмі важная для нас. Асабліва гэта датычыць ініцыятываў у Беларусі.

– Вельмі цешыць, што ўзнікаюць новыя беларускія ініцыятывы, але ж большасць з іх – за мяжою. Ці не падаецца табе, што мы за мяжою ствараем такую Беларусь, якую хочам, а тая, што засталася ў фізічных межах дзяржавы Беларусь, застаецца сама па сабе?

– Дзякуй за гэтае пытанне. Яно вельмі важнае і балючае для нас. Мы памятаем пра тое, каб дапамагаць людзям унутры Беларусі. Гэта найважнейшая для нас праца, каб беларуская культура заставалася і развівалася ў Беларусі. Але, напэўна, не заўсёды варта пра гэта распавядаць публічна з меркаванняў бяспекі.

Хачу таксама заклікаць не падзяляць Беларусі на тую, якая засталася, і якая выехала. Мне падаецца, у сучасным свеце Беларусь не мае межаў, і цудоўна, што ў нас ёсць магчымасць ствараць беларускія ініцыятывы за мяжою, бо гэта ўзбагачае нас як нацыю. Вельмі хочацца верыць, што прынамсі частка гэтых ініцыятываў вернецца ў Беларусь.

«Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння – больш як проста міністэрства культуры»

– Аліна, ты цяпер збіраеш каманду. Гэта будзе нейкі новы асобны аддзел у межах Кабінету?

– Гэта будзе Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння – невялікая каманда, дзе праца будзе падзеленая паводле кірункаў: культура, адукацыя, гістарычная памяць, беларуская мова, стратэгічныя камунікацыі ці антыпрапаганда. Мы будзем праз палітычныя інструменты падтрымліваць існыя ініцыятывы, дапамагаць у стварэнні новага. Мы хочам быць моцнаю часткай Аб’яднанага пераходнага кабінету, які мы ствараем на прыклад протаўраду, таму нам вельмі важна захоўваць дзяржаўную структуру на выпадак зменаў у Беларусі. Каб былі людзі, якія будуць гатовыя хутка прывесці змены ў жыццё.

Аліна Коўшык з Таццянаю Зарэцкаю, прадстаўніцай Аб’яднанага кабінету ў справе фінансаў і эканомікі.
Фота: асабісты архіў

– Тваё прадстаўніцтва заменіць Міністэрства культуры ў Беларусі?

– Маё прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння – гэта больш, чымся проста міністэрства культуры. Яно ўключае ў сябе элементы розных міністэрстваў – інфармацыі, адукацыі. Але мы не збіраемся сесці на ўсе фатэлі, наш план – давесці справу да перамогі, а потым, калі адчыняцца дзверы вязніцаў, выйдуць людзі, пройдуць выбары, будуць прызначаныя новы ўрад і міністры, якія па праве зоймуць гэтыя месцы.

«Дзяржаўныя СМІ ўсё ж такі патрэбныя»

– Адзін з пунктаў тваёй працы – рэформы ў медыях. Як ты гэта бачыш ужо цяпер, што трэба рэфармаваць, якую працу будзеш весці ў гэтым кірунку?

– Маецца на ўвазе рэформа дзяржаўных СМІ. Гэта не кантроль за незалежнымі медыямі. Для мяне як журналісткі гэта вельмі важна. Пэўныя рэформы рыхтуе Беларуская асацыяцыя журналістаў, нашая задача – скаардынавацца і мець супольны план. Бо ўявіце сабе, у той дзень, калі не стане Лукашэнкі: што будзе казаць Азаронак, дзе ён будзе? Хто правядзе навіны? Як будуць дзеяць медыі? На ўсё гэта трэба мець нейкі план.

– Ці не прасцей было б пасля пераменаў усе дзяржаўныя медыі закрыць?

– Думаю, дзяржаўныя СМІ ўсё ж такі патрэбныя. У большасці краінаў яны выконваюць важную функцыю, бо недзяржаўныя СМІ ў дэмакратычных краінах часта становяцца камерцыйнымі, губляюць сваю місію. А яе вельмі важна захаваць і пры гэтым не дазволіць медыям ператварыцца ў прапаганду. Напрыклад, Бі-Бі-Сі – гэта дзяржаўнае выданне, але яно выконвае вельмі важную ролю і працуе паводле стандартаў.

Як дакладна будзе выглядаць рэформа, мы будзем вырашаць супольна, з прадстаўнікамі перадусім БАЖ, экспертамі. Я хоць і працавала журналісткай ды маю свае меркаванні на гэты конт, хацела б, каб гэта было вельмі выверанае рашэнне, добрая формула, якая будзе пасаваць менавіта Беларусі.

«Я размаўляю з сынам па-беларуску з ягонага нараджэння, гэта было маім прынцыповым рашэннем»

– Аліна, ты пішаш у сваім Facebook, што вельмі шмат цяпер працуеш. Адначасова ты выхоўваеш сына. У Кабінеце працы стала больш, чымся на «Белсаце»? Як атрымліваецца сумяшчаць яе з мацярынствам?

– Я заўсёды шмат працавала, і як журналістка таксама, і тым больш цяпер. Калі ты маці, трэба шмат думаць лагістычна, выкарыстоўваць розныя магчымасці, любую вольную хвілінку. Вось і цяпер – даю інтэрв’ю, пакуль чакаю сына з заняткаў.

Я перакананая, што важна не тое, колькі часу мы праводзім з дзецьмі, а як мы яго праводзім, важна, каб яны адчувалі нас, разумелі, што мы побач, ганарыліся тым, што мы робім. Не буду казаць, што гэта проста, але мне здаецца, калі ў цябе ёсць прыярытэты, і ты дакладна ведаеш, чаго хочаш, то знаходзіш час і для дзіцяці, і для сябе. Заўсёды падкрэсліваю, што нам, жанчынам, вельмі важна знаходзіць хоць трошку часу для сябе, каб былі сілы ісці далей.

Аліна Коўшык.
Фота: Аліна Коўшык / Facebook

– Колькі гадоў твайму сыну? Ці ўдаецца табе выхоўваць яго ў беларускасці ў Польшчы?

– Майму сыну 12 гадоў. Я размаўляю з ім па-беларуску, для мяне гэта было прынцыповым пытаннем з самога нараджэння. Мы стварылі ў Варшаве беларускую школку для дзяцей, Мікі хадзіў туды амаль тры гады. У дзяцей, якую гадуюцца ў Польшчы, асноўная мова польская, але мне важна, каб мой сын ведаў беларускую. Раней у нас быў большы кантакт з Беларуссю, калі была магчымасць ездзіць, і было прасцей. Цяпер ужо не паедзеш.

І хоць складана гадаваць дзяцей у беларускасці, калі ты доўга за мяжой, але думаю, тут вялікая роля бацькоў. І ўсё магчыма, калі ёсць мэта. Тым больш цяпер з’яўляецца шмат бацькоўскіх аб’яднанняў, скіраваных на тое, каб пасеяць у дзецях зярняткі беларускасці. Онлайн-праекты, карысныя і для дзяцей, якія застаюцца ў Беларусі, бо ў іх таксама няшмат магчымасцяў вывучаць родную мову.

У Польшчы цяпер моцна адчуваецца патрэба ў беларускамоўных школах. Паводле польскага заканадаўства, вывучаць беларускую мову могуць прадстаўнікі нацыянальнай меншасці з польскім грамадзянствам. У большасці нашых уцекачоў польскага грамадзянства няма, таму адна з нашых задачаў – весці перамовы з Міністэрствам адукацыі, шукаць выйсце.

«Нацыянальнае адраджэнне – вяртанне гонару за тое, што ты беларус ці беларуска»

– Усё ж такі: што такое нацыянальнае адраджэнне? Што будзем адраджаць і як?

– Нашая гісторыя, мова, культура вынішчаліся стагоддзямі. Знішчаная беларуская школа, у ёй амаль няма беларускай мовы. Няма вышэйшай адукацыі на роднай мове. Няма нават беларускага шоу-бізнесу. Гэта ўсё нам трэба адраджаць ці будаваць з пачатку.

Была ідэя назваць нашае прадстаўніцтва «ў справе адукацыі і культуры». Але тэрмін «нацыянальнае адраджэнне» лепш адлюстроўвае нашую задачу. Ён адразу кажа, што нам трэба адрадзіць сябе як нацыю. І гэтая велізарная праца перад усімі намі, не толькі перада мною. Гэта адраджэнне мовы, гісторыі, правядзенне дэкамунізацыі, вяртанне гістарычных назваў вуліцам, стварэнне інстытуту нацыянальнай памяці. Нацыянальнае адраджэнне – гэта вяртанне сабе гонару за тое, што ты беларус ці беларуска.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў